К. Дуж-Душэўскі

Кіраўнік аддзела ЖКГ Глыбоцкага райвыканкама Юрый Сямяннікаў распарадзіўся зняць мемарыяльную дошку, устаноўленую мясцовымі дэмакратычнымі актывістамі ў гонар дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі Клаўдзія Дуж‑Душэўскага.

Мемарыяльная дошка ў гонар ураджэнца Глыбокага была ўстаноўлена 23 сакавіка. Праз два дні, 25 сакавіка, у 90‑ю гадавіну абвяшчэння БНР, Ю.Сямяннікаў загадаў зняць дошку. Мясцовыя актывісты высвятляць, дзе яна цяпер знаходзіцца, паколькі апасаюцца, што яе знішчаць.

Кіраўнік аддзела ЖКГ лічыць, што дошка была ўстаноўлена без дазволу райвыканкама. У органы мясцовай улады адпаведная заява не была пададзена, а эскіз дошкі не быў узгоднены са службамі ЖКГ.

Нягледзячы на тое, што гаспадар дома № 22 па вуліцы Горкага Раймунд Салодкі асабіста даў дазвол на размяшчэнне на сцяне яго дома мемарыяльнай дошкі ў гонар К.Дуж‑Душэўскага і не выказаў ніякіх прэтэнзій да мяцовых актывістаў, некаторыя з якіх былі выкліканы да ўчастковага інспектара міліцыі Андрэя Раманоўскага. Супрацоўнік міліцыі цікавіўся, на якія сродкі выраблена мемарыяльная дошка, а таксама аўтарствам ідэі.

Добраахвотныя ахвяраванні на мемарыяльную дошку ў гонар палітычнага дзеяча БНР збіралі мясцовыя актывісты Партыі БНФ.

«Зняццем дошкі менавіта 25 сакавіка мясцовыя ўлады плюнулі ў душы не толькі нам, жыхарам Глыбокага, але і ўсім беларусам. Я думаю, улады проста баяцца праяваў любой грамадзянскай ініцыятывы. Напэўна, калі б мы за свае грошы заасфальтавалі якую‑небудзь вуліцу, то яны назаўтра выклікалі б бульдозер, каб знішчыць нашу працу», — заявіў БелаПАН старшыня раённай арганізацыі партыі Яраслаў Берніковіч.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0