Асабіста Лукашэнка дазволіў прыбраць помнік Максіму Багдановічу з таго месца, дзе той стаяў. Між тым, гэты помнік мае другую катэгорыю ў Сьпісе гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў (шыфр 1а1Е404457)… Манумэнтальны вобраз Максіма Багдановіча быў створаны яшчэ ў 1981 г. скульптарам Сяргеем Вакарам. Месца гэтага помніка за 27 гадоў стала цалкам ягоным.

Архітэктары Леанард Маскалевіч і Юры Казакоў былі суаўтарамі скульптара Сяргея Вакара — супраць пераносу. Тады, у 1981 годзе, сэканомілі на дэталях і добраўпарадкаваньні. І варта было б давесьці справу да канца. Але помніка больш няма на месцы. Яго, цынічна і дэманстратыўна, перанесьлі на іншае, заведама горшае месца, такім чынам зьнізіўшы ягоны статус.

Раней помнік Багдановічу быў арыентаваны ў бок Сьвіслачы, Верхняга гораду, стаяў на самым сьветлым месцы Траецкае гары. А цяпер ён будзе стаяць у глыбокім ценю, тварам да шумнай магістралі, і глядзець на Сувораўскае вучылішча з ашчадна адноўленымі надпісамі: «сталин‑сталин‑сталин»…

Рэзкае набліжэньне помніка да будынкаў сказіць ягоны маштаб. Ён стане дробным на фоне гмаху тэатра, дзе ўсталявалі новыя скульптуры і навакольны дамоў. Спатрэбцца іншы, большы пастамент.

Між іншым, я бачыў праекты рэканструкцыі тэрыторыі вакол тэатру. Там плянуецца паставіць ажно 8 новых скульптурных групаў! Дзеля іх нібыта і хочуць прыбраць помнік, каб не ствараць канкурэнцыі. Там плянуюць зрабіць фантан, чатыры круглыя пляцыкі, пасярод якіх паставяць буйныя скульптурныя кампазыцыі (пакуль не прыдумалі яшчэ якія) і зьбіраюцца скульптурна аздобіць пандусы на лесьвічных маршах перад тэатрам (таксама яшчэ няма ідэяў). Але дэкаратыўная празьмернасьць ужо заплянаваная.

Любы перанос манумэнтаў знакава роўны разбурэньню. Але помнік любімаму паэту нацыі — наагул выключны сымбаль. За 28 гадоў найноўшае гісторыі гэты помнік стаў важным знакам нацыянальнае ідэнтычнасьці. Сюды несьлі кветкі й на вясельлі й падчас розных урачыстасьцяў.

Гэтая падзея з чарады жорсткіх захадаў, скіраваных на дэвальвацыю знакаў: параназоў праспекта Скарыны, грамадзкі туалет на месцы дома Караткевіча, адмова назваць вуліцы імем Быкава… Заўтра не спадабаецца, як сядзіць Колас на плошчы, ці як стаяць крыжы. Гэта яскравае пасланьне — можна ламаць, перайначваць усё, абы толькі не ўзвышаліся нацыянальныя каштоўнасьці. Заўважу, нічога падобнага з помнікамі сталінізму‑саветызму ў РБ не адбылося. Нават перайменаваньне куртатае вуліцы Берсана выклікала разнос зьверху.

Якімі б намерамі ні прыкрываліся ініцыятары пераносу помніка Багдановіча, яны нанесьлі балючы ўдар па нацыянальным самапачуцьці беларусаў.

Сяргей Харэўскі

Здымкі Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0