У Столінскім раёне карова адмовілася нелегальна «эміграваць» ва Украіну&hellіp;
Як паведамілі ў прэс‑цэнтры Дзяржаўнага пагранічнага камітэту, зусім побач з украінскай мяжой днямі быў затрыманы п’яны пастух. Хлопца ўзялі якраз у той момант, калі ён спрабаваў перагнаць карову на тэрыторыю суседняй дзяржавы.
Але беларуская рагуля не захацела пакідаць радзіму і, пакуль памежнікі «грузілі» парушальніка, зьбегла дамоў, у суседнюю вёску.
Сам «пастух» патлумачыў вартавым мяжы, што карова не яго. Нейкі незнаёмец выпадкова сустрэў яго на вуліцы, добра пачаставаў гарэлкай і прапанаваў за 5 тысяч рублёў перагнаць рагулю праз мяжу, дзе яе павінны былі сустрэць украінскія «мясьнікі». І хоць карова не прысутнічала пры гэтай размове, але, відавочна, адчула пагрозу свайму жыцьцю. Таму, напэўна, і ўцякла дамоў пры першым зручным выпадку.