3 жніўня пройдзе пазачарговы з’езд Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада). На ім плануецца ўнесці змены ў статут, зацвердзіць партыйных кандыдатаў і вылучыць прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі.

Пазачарговы з’езд Грамады самі партыйцы называюць «тэхнічным». На форуме будзе разгледжаны шэраг пытанняў, якія паўстаюць перад партыяй напярэдадні парламенцкіх выбараў. На «тэхнічным» з’ездзе мяркуецца таксама зацвердзіць змены ў статут партыі. Імі задаволеныя не ўсе «грамадоўцы», кажа намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч.

‑ На жаль, гэтыя змены яшчэ болей бюракратызуюць нашае партыйнае жыццё. Гэта мая ацэнка.

Выконваючы абавязкі старшыні БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч не разумее незадавальнення Ігара Рынкевіча. Ён кажа, што Грамада — дэмакратычная партыя і любы яе сябра можа прапанаваць свае змены ў статут, а з’езд гэтую прапанову разгледзіць.

‑ Партыя павінна сабраць усе меркаванні, правесці дыскусію ды выставіць гэта на суд, то бок на з’езд. Гэта ёсць дэмакратыя. Калі Рынкевіч не разумее, што такое дэмакратыя, то хай чытае падручнікі.

Паводле Анатоля Ляўковіча, галоўная мэта пазачарговага з’езду Грамады — вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, а не змены ў статуце.

Аляксей Мінчонак, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0