3 траўня 2006 г. МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» атрымала ліст ад камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінская спадчына». У лісце паведамляецца, што:

«У адпаведнасці з рашэннем Мінгарвыканкама ад 20 красавіка 2006 года № 766 «Аб зацвярджэнні праектна-каштарыснай дакументацыі і дазволу вытворчых будаўніча-мантажных прац і ўнясенні змен у паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця горада Мінска на 2006 год» КУП «Мінская спадчына» дазволена вытворчасць будаўніча-мантажных прац па аб’екту «Рэканструкцыя з прыстасаваннем будынка № 15 па вул. Рэвалюцыйнай...»

У выніку – «Бацькаўшчына вымушана будзе выселіцца з памяшкання. Пры гэтым застаецца абсалютна незразумелым, ці зможа арганізацыя сюды вярнуцца пасля капрамонту.

Справа ў тым, што 02.04.1992 г. Савет Міністраў прыняў пастанову № 184 «Пытанні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», згодна з якой дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь рэкамендавалася аказаць дапамогу МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» ў стварэнні ў г. Мінску культурнага цэнтру для забеспячэння патрэбаў беларускай дыяспары, а Мінгарвыканкаму даручалася забяспечыць нашу арганізацыю памяшканнем для размяшчэння ствараемага культурнага цэнтру і кіруючых органаў аб’яднання. Па рашэнні Мінгарвыканкама памяшканне па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15, было прадстаўлена ў арэнду да 2018 года.

Па стану на 2006 год Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ў межах рэалізацыі канцэпцыі Беларускага дома стварыла і актыўна папаўняе архіў, музей, бібліятэку беларускай дыяспары, якой сёння карыстаюцца студэнты і навукоўцы. Створаны інфармацыйны цэнтр, якім назапашаны велізарны банк інфармацыі. Згуртаваннем ужо сабрана ўнікальная база дадзеных беларускіх грамадскіх аб’яднанняў за мяжой, беларускіх бібліятэк, навуковых і культурных цэнтраў, фондаў, помнікаў культуры і архітэктуры.

За перыяд сваёй дзейнасці МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» выконвае праграмы, якія маюць дзяржаўнае значэнне, ўнікальныя па сваім характары. «Бацькаўшчына» сёння з’яўляецца адзіным грамадска-актыўным цэнтрам па супрацы з беларускімі асяродкамі за мяжой, які мае добрую рэпутацыю сярод розных беларускіх дыяспар у свеце.

Зараз жа «Мінская спадчына» хоча ў аднабаковым парадку скасаваць дамову арэнды, хаця юрыдычных падставаў, адпаведна вышэй узгаданым дамове з Мінгарвыканкамам і пастанове Савету Міністраў, такім дзеянням няма.

Для нас страта дамовы аб арэндзе – гэта страта юрыдычнага адрасу. Наколькі цяжка ў сённяшніх умовах атрымаць яго грамадскаму аб’яднанню – ведаюць многія.

Кіраўніцтва «Бацькаўшчыны» прыкладае ўсе намаганні, каб не толькі знайсці новае памяшканне, але і захаваць існуючую дамову арэнды, бо гэта крайне важна не толькі для самой арганізацыі, але і для існавання Беларускага дому, які ў гэтым памяшканні цягам апошняга часу ствараецца.

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0