1 верасьня ў Менску адкрыецца новая беларускамоўная гімназія. Пра гэта 5 жніўня на прэс-канфэрэнцыі паведаміў намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарына. Яна будзе дзейнічаць на базе сярэдняй школы № 2.

К.Фарыно праінфармаваў, што ў школах і клясах зь беларускай мовай навучаньня вучацца прыблізна 27 % дзяцей. «Гэта тыя вучні, якія атрымліваюць адукацыю па ўсіх прадметах на беларускай мове. Матэматыка, фізыка і далей», — удакладніў ён.

Намесьнік міністра адукацыі не лічыць, што ў школах нейкім чынам ушчамляецца беларуская мова. Для пацьвярджэньня гэтага ён прадэманстраваў тыпавы вучэбны плян міністэрства, абавязковы для выкананьня ўсімі навучальнымі ўстановамі краіны. «Тут вы можаце бачыць, што на навучаньне расейскай і беларускай моў і літаратуры адводзіцца роўная колькасьць часу», — сказаў К. Фарына.

Паводле меркаваньня загадчыка катэдры стылістыкі і літаратурнага рэдагаваньня Інстытуту журналістыкі Белдзяржуніверсытэту Віктара Іўчанкава, беларуская мова набывае сярод выпускнікоў сярэдніх школ ўсё большую папулярнасьць. «Гэта мы бачым па выніках цэнтралізаванага тэставаньня. Усё больш абітурыентаў праходзяць тэставаньне па беларускай мове і літаратуры», — паведаміў В. Іўчанкаў.

Ад Рэд. Школа нумар 2 і раней была беларускамоўнай. Яе трымаў такой былы дырэктар сп. Сядзяка. Цяперака хіба што зьменіцца яе статус. Так што ёсьць у заяве сп. Фарыны элемэнт добрага савецкага ачкаўцірацельства. Таксама пускаюць пыл у вочы і зь лічбай беларускамоўных школьнікаў — паводле ТБШ, яны складае на сёньня толькі 21 %, прычым штогод зьмяншаецца на пару дзясятых працэнта. Не ўзгадаў сп. Фарына і той факт, што школьнікі ў тых школах не па ўсіх прадметах маюць падручнікі на мове навучаньня. Гэтак, сын аўтара гэтых радкоў у сваёй белмоўнай займаўся ангельскай мовай па... расейскіх падручніках. Таму ня будзем падманвацца — нацыянальная мова і традыцыя трымаюцца сёньня ня клопатам дзяржавы, а настойлівасьцю асобаў, сям'яў, супольнасьцяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?