Будынак, паводле чыноўнікаў, маральна састарэў.

Шырокай грамадзкасьці пакуль не вядомыя ані тэрміны, ані праект новай гасьцініцы. Але, мяркуючы па ўсім, ад агучанага яшчэ летась рашэньня правесьці «замену» гасьцініцы ў адным з найпрыгажэйшых месцаў гораду кіраўніцтва Менску не адмовілася. Учора рашэньне пра дэмантаж старой «Беларусі» ўскосна пацьвердзіў міністар архітэктуры й будаўніцтва Аляксандар Селязьнёў.

Гатэль «Беларусь» будаваўся як гонар сталіцы

Гатэль «Беларусь» будаваўся як гонар сталіцы

«Пабудаваны ў 60‑х гадах гмах гасьцініцы «Беларусь» маральна састарэў. Гэта відаць кожнаму, хто заходзіць усярэдзіну. У такім месцы мусіць стаяць гасьцініца ўжо зусім інакшага ўзроўню. Тым больш што інвэстар апалаціць усе выдаткі ня толькі па будаўніцтве новай гасьцініцы, але й па дэмантажы старога будынку», — сказаў міністар.

Паводле чутак, інвэстары знайшліся ці то ў Іране, ці то ў Саудаўскай Арабіі. Гэты ўсходні рэгіён вельмі актыўна «плянуе й забудоўвае» Менск. Што, дарэчы, выклікае некаторыя спрэчкі ня толькі ў архітэктурных колах, але й спаміж жыхароў сталіцы, якім часьцей за ўсё новыя маштабныя праекты прэзэнтуюць ужо ў статусе прынятага рашэньня.

Узяць хаця б будаўніцтва гасьцініцы ледзь ці не на беразе Камсамольскага возера ці ўзьвядзеньне яшчэ адной справавой «высоткі» на Кастрычніцкай плошчы, якое на 90 адстокаў прывядзе да пераносу музэю Вялікай Айчыннай вайны.

Прычым часам інвэстыцыйныя праекты выходзяць за рамкі аднаго будынку. Узгадайце нядаўні скандал з магчымым «перасяленьнем» вуліцы Карла Маркса. На шчасьце, да такіх «маштабаў» інвэстыцыйная дзейнасьць яшчэ не дайшла.

— З пункту гледжаньня архітэктуры высотныя «ўкрапіны» патрэбныя гораду. Галоўнае імі не злоўжываць, — лічыць Аляксандар Селязьнёў. — Не бяруся разважаць пра правільнасьць ды мэтазгоднасьць канкрэтных праектаў, але ўсе маштабныя аб’екты, узьведзеныя ў горадзе, дагэтуль дазваляюць нам імі ганарыцца. Спадзяюся, гэтак будзе й надалей.

Паводле: Аляксандар Уладыка, Народная Газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0