Пра гэта на прэс‑канфэрэнцыі 29 жніўня паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.
Нагадаем, што ў 2000 г., калі апазыцыя байкатавала выбары, на дэпутацкі мандат прэтэндавала ў сярэднім 5,3 чалавекі, у 2004 — 3,26. Сёлета будзе пабіты антырэкорд.
Па выніках працы акруговых камісій 27‑28 жніўня 84 прэтэндэнтам было адмоўлена ў рэгістрацыі, што складае 23 % ад агульнай колькасьці. Галоўнай прычынай адмоваў зьяўляюцца няправільна сабраныя подпісы (напрыклад, ад жыхароў розных выбарчых акругаў). Другая прычына — няправільна запоўненыя дэклярацыя. Хаця тут, як прызналася Ярмошына, акруговыя камісіі дзейнічалі «занадта строга». Яна прывяла прыклада аднаго з кандыдатаў, якому ў правіну паставілі паставілі незадэкляраваны матацыкл, які даўно згарэў (хутчэй за ўсё маецца на ўвазе камуніст Аляксандар Апанасюк з Століна).
і |
Пяць чалавек добраахвотна зьняліся з дыстанцыі, у тым ліку дэпутаты палаты сёньняшняга скліканьня — Сяргей Касьцян, Анатоль Красуцкі, Мікалай Чурсін.
Рэгістрацыю ў якасьці кандыдата жаўнера тэрміновай службы з Кажан‑Гарадка Віталя Каратыша Ярмошына назвала «росквітам дэмакратыі». Хлопцу на час выбарчай кампаніі далі месячны адпачынак у вайсковай часьці.
119 чалавек былі вылучаныя шляхам збору подпісаў, 96 — двайным (збор подпісаў і працоўныя калектывы), і 20 — грамадзянамі і палітычнымі партыямі, 4 — трайным (грамадзянамі, партыямі, працоўнымі калектывамі), 11 — працоўнымі калектывамі, 26 — палітычнымі партыямі.
Скаргі на адмову будуць разглядацца зь серады, кажа Л. Ярмошына. Ужо пададзена дзевяць скаргаў.
і |
Ярмошына таксама сказала, што ня ведае, чаму Вінцуку Вячорку і Віктару Івашкевічу адмоўлена ў рэгістрацыі. «Са мной па гэтым пытаньні не кансультаваліся», — кажа старшыня ЦВК.
Спадарыня Ярмошына зазначыла, што сёлета на выбарах прадстаўнікоў ад партый зьменшылася амаль у тры разы. У 2008 г. 118, супраць 316 у 2004 г.
Ідзе на выбары 38 былых дэпутатаў. Такім чынам як мінімум склад палаты прадстаўнікоў адновіцца на 65 %.
Лідзія Ярмошына зазначыла, што восем акругаў будуць безальтэрнатыўнымі:
Наваполацкая, Рагачоўская, Пінская‑вясковая, Ваўкавыская, Наваградзкая, Маладзечанская‑вясковая, Івацэвіцкая.
Найменшы «конкурс» сярод кандыдатаў у дэпутаты будзе на Гарадзеншчыне, нават меней чым два чалавекі на месца (13 акруг — 20 кандыдатаў). Найбольш конкурс на Магілёўшчыне і ў Менску, у некаторых акругах тут больш чым чатыры кандыдаты.
Рэгістрацыя па палітычных партыях выглядае наступным чынам: АГП — 26 чалавек, БНФ — 16, ПКБ — 13, КПБ — 13, БСДП — 11, ЛДП — 11, Партыя працы і справядлівасьці — 3, Аграрная — 3, БСДГ — 1. Сярод зарэгістраваных — 76 чалавек ад АДС, што складае 27,5 %.
З просьбай аб акрэдытацыі на парлямэнцкія выбары на дадзены момант зьвярнуўся 141 міжнародны назіральнік. Найбольшая прадстаўніцтва традыцыйна будуць мець місіі АБСЭ і СНД.
На пытаньне, ці згодная ЦВК прыняць падарунак ад заходніх краін у выглядзе ў празрыстых скрыняў, Ярмошына адказала: «Параўноўваць залежнасьць выбараў ад празрыстасьці скрыняў — гэта тое самае, што сьцьвярджаць, быццам жанчына, на якой менш вопраткі, мае больш адкрытую душу і чыстыя думкі, чым тая, якая ходзіць у наглуха зашпіленым швэдры. Галоўнае, што знаходзіцца ў гэтай скрыні. Нельга вызначыць зьнешне, што там — папера ці выбарчыя бюлетэні».