Ж.М.Г. лё Клезіё. Фота dn.se
Аб прысуджэньні прэміі французу сёньня а 14-й паведамілі ў Стакгольме.
Жан-Мары Гюстаў лё Клезіё (Jean-Marie Gustave Le Clézio, нар. 13.04.1940, Ніца) — францускі раманіст і эсэіст.Ён нарадзіўся ў сям'і хірурга-брытанца і маці, якая паходзіць з старадаўняга брэтонскага роду, што ад XVIII стагодзьдзя асеў на востраве Маўрыкій.
Ён пачаў працоўную кар'еру ў Лёндане, пасьля жыў у Брысталі, яшчэ пасьля атабарыўся як выкладчык у ЗША.
У войска ён пайшоў позна, кантрактнікам, ужо калі выйшлі ягоныя першыя раманы, што прынесьлі яму вядомасьць.Служыць ён трапіў у Тайлянд. Але ў 1967 годзе яго выганяюць стуль, за тое што ён стаў змагацца зь дзіцячай прастытуцыяй. Яго пераводзяць у Мэксыку, і Цэнтральная Амэрыка стае ягонай спэцыялізацыяй.
Чатыры гады, з 1970 да 1974 гадоў, ён жыве жыцьцём індзейцаў эмбэрас і ўаўнанас у Панаме.
Ён пераклаў на францускую мову міталёгію амэрыканскіх індзейцаў.
Як спэцыяліст па плямёнах Цэнтральнай Мэксыкі, ён абараніў па іх доктарскую дысэртацыю ў галіне гісторыі. Жыве і выкладае ён найбольш ва ўнівэрсытэце Альбукерке ў ЗША.А піша па-француску.
Ён стаў вядомы пачынаючы з сваіх першых раманаў «Пратакол» (1963), «Трасца» (1965). Малады герой раману «Пратакол» швэндаецца па горадзе, выступае перад тлумам, што каштуе яму зьмяшчэньня ў псіхбальніцу. Наватарскае пісьмо Лё Клезіё падкрэсьлівала агрэсіўнасьць сучаснага дэгуманізуючага грамадзтва («Гіганты», 1973). Пісьменьнік таксама шмат падарожнічаў і дасьледаваў аддаленыя і першабытныя супольнасьці («Каранцін», 1995), нібы шукаючы першакрыніцы чалавецтва.
Героі раманаў Лё Клезіё скрупулёзна займаюцца аналізам уласных адчуваньняў.Яны зь цяжкасьцю прыстасоўваюцца да агрэсіўнага, павярхоўнага сьвету нашых дзён, сутыкаюцца са сьцяною неразуменьня і адчужэньня.
Пісьменьнік балянсуе між рэалізмам і глючным візіянерствам.
Лё Клезіё славіцца адмысловым стылем.
Ён піша то ў стылістыцы пратаколу, то інсытнага малюнку, з гэтага нараджаецца нешаблонны тэкст.Паэтыка выкрасаецца з штодзённасьці, вызваляецца новае слова. У выніку пісьмо вызваляецца ад уніформы традыцыйных апавядальных прыёмаў. У свіам эсэ «Матэрыяльны экстаз» (1967), пісьменьнік крытыкуе «дурную манернасьць», «антыкварныя адметнасьці, на якія больш ніхто не купляецца».
Можна сказаць, што сёлетні Нобэль атрымала багатая француская літаратурная традыцыя, а зь яе ўзнагародзілі рэфарматара, які пашырыў стылістычныя межы літаратуры.
На беларускую яго не перакладалі.
Пераклад зь Лё Клезіё чытайце ў наступным нумары «НН».
Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры складаецца з залатога мэдаля, дыплёма Швэдзкай Каралеўскай акадэміі і чэка на 10 мільёнаў швэдзкіх кронаў (1,42 млн даляраў).