Завяршыўся афіцыйны візыт кіраўніка Вялікай лібійскай рэвалюцыі Муамара Кадафі ў Беларусь.

Па выніках трохдзённага візыту падпісаны шэраг пагадненьняў.

У тым ліку — Канвэнцыя аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня і ухіленьня ад выплаты падаткаў на даходы і маёмасьць, Пратакол аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствамі юстыцыі Беларусі і Галоўным народным камітэтам юстыцыі Лібіі, Мэмарандум аб узаемаразуменьні паміж Дзяржкамітэтам па стандартызацыі Беларусі і Нацыянальным цэнтрам Лібіі і Нацыянальным цэнтрам Ліібіі па стандартызацыі і мэтралёгіі, а таксама пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніяй Беларусі і Генэральнай асацыяцыяй телэрадыёвяшчаньня Лібіі/

БЕЛТА

***

У панядзелак Менску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком вялікай лібійскай рэвалюцыі Муамарам Кадафі. Падчас перамоваў беларускі лідэр выказаў спадзяваньне, што сёньняшні таваразварот дзяржаў «не адлюстроўвае іхны патэнцыял».

«Мы будзем вітаць вашу падтрымку нашай краіны, працаваць у Лібіі, вітаць вашых спэцыялістаў, ваш бізнэс у Беларусь», — цытуе дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА словы А.Лукашэнкі.

«Беларусь і Лібія маюць агульныя погляды адносна будаўніцтва сьвету. Мы таксама, як і вы, прынцыповым пытаньнем лічым, што сьвет павінен быць шматпалярным, што гэта прынцып існаваньня любой сыстэмы: яна павінна апірацца на розныя кропкі. Тады яна ўстойлівая. Закрытых тэмаў у нас няма», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка падкрэсьліў, што рады перамозе Муамара Кадафі на міжнароднай арэне, то бок адмене міжнародных санкцый. «Мы ведаем, як цяжка было выстаяць, вытрымаць міжнародныя санкцыі, абсалютна незаконна навязаныя вашай краіне. І пры гэтым вывесьці краіну ў лік дзяржаў, якія сёньня вызначаюць палітыку ў сьвеце».

Муамар Кадафі ў сваю чаргу адзначыў: «Мы цэнім вашу прынцыповую пазыцыю і стойкасьць. Мы заўважылі значны прарыў, якіх вялікіх посьпехаў дасягнула Беларусь за гэты час. Лібія прайшла цяжкі пэрыяд міжнародных санкцый. І менавіта ў гэты пэрыяд Беларусь працягнула руку дружбы».

Лідэр Вялікай лібійскай рэвалюцыі запрасіў Лукашэнку наведаць Лібію. Нагадаем, што беларускі лідэр ужо наведваў гэтую афрыканскую краіну ў 2000 годзе.

Муамар Кадафі прыйшоў да ўлады ў Лібіі шляхам узброенага паўстаньня ў 1969 годзе. Падпалкоўніку Кадафі тады было ўсяго каля 27 гадоў (дакладная дата нараджэньня невядомая). Адным зь першых ягоных загадаў было выкідваньне з тэрыторыі краіны амэрыканскіх вайсковых базаў. Багатая на прыродныя рэсурсы Лібія аб’явіла пра свой «асаблівы шлях разьвіцьця».

У краіне была ўсталяваная жорсткая дыктатура. У Лібіі практыкавалася вынішчэньне апанэнтаў рэжыму, у тым ліку фізычнае. У 2001 годзе лідэр Джамахірыі заклікаў жыхароў Афрыкі выгнаць з кантынэнту белае насельніцтва.

Кадафі актыўна дапамагаў самым адыёзным афрыканскім рэжымам. Дапамагаў грашыма і зброяй сэпаратысцкім арганізацыям ва ўсім сьвеце — ад Шатляндыі да Намібіі. Такая палітыка лібійскага кіраўніка прывяла да войнаў у гэтым рэгіёне. Спачатку з Чадам, потым — з Эгіптам. Доўгі час Кадафі ганарова называлі «Самым галоўным тэрарыстам сьвету». У 1986 годзе амэрыканская авіяцыя бамбіла Лібію.

За падтрымку тэрарыстаў супраць Лібіі былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі ў 1980‑ых.
Канфрантацыю з заходнім сьветам Муамар Кадафі спыніў толькі ў 2000‑ыя гады. У 2003 годзе ён аб’явіў курс на «народны капіталізм». А ў 2004 годзе ЗША часткова адмяніла санкцыі супраць Лібіі.
Дарэчы, у Менск Кадафі прыбыў разам з сваім шатром. Як высьветліла інтэрнэт‑выданьне "Салідарнасьць", шацёр лібійскі кіраўнік разьбіў побач зь дзяржаўнай рэзыдэнцыяй «Заслаўе». Вечарам жа Лукашэнка плянуе афіцыйны прыём у гонар дарагога госьця.

Глядзі таксама:
Кадафі. Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?