Народны пісьменьнік Беларусі Іван Навуменка заўжды прынцыпова трымаўся ўбаку ад палітыкі. Аднак ня вытрымаў і ён. Апошняй кропляй сталі хамскія выказваньні М.Чаргінца на адрас народных пісьменьнікаў Беларусі. І.Навуменка адказаў адкрытым лістом Мікалаю Чаргінцу ў «Народнай волі». Ліст караценькі, але ёмкі. Вось ён:
«У апошні час у некаторых пэрыядычных выданьнях М.Чаргінец, тлумачачы маю адсутнасьць у створаным ім аб’яднаньні літаратараў, публічна заяўляе, што «Іван Навуменка знаходзіцца амаль у коме». Да шматлікіх талентаў М.Чаргінца трэба, мабыць, дадаць яшчэ адзін – дыягностыка на адлегласьці. Інфармую яго: я ня ў коме. Ён мяне з кімсьці блытае.
Народны пісьменьнік Беларусі Іван Навуменка».
М.Чаргінец належыць да блізкага кола А.Лукашэнкі, ён сэнатар і ў былым – кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэньні А.Лукашэнкі ў прэзыдэнты. Цяпер ён узначаліў лукашэнкаўскі Саюз пісьменьнікаў Беларусі, створаны ў піку незалежнаму Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
Мікола Бугай