У выніку дзеяньняў тэрарыстаў у адным з буйнейшых дзелавых і турыстычных цэнтраў Індыі загінула больш за 100 чалавек, каля 300 параненыя. Баевікі высунулі патрабаваньне — вызваленьне зь індыйскіх турмаў усіх маджахедаў.

Буйнейшы дзелавы і турыстычны цэнтар Індыі Мумбай (Бамбэй) скалыхнула сэрыя крывавых тэрактаў. Паводле папярэдніх зьвестак, у ноч зь серады на чацьвер баевікі малавядомай групоўкі «Дэкан муджахідзін» зладзілі ў Мумбаі сэрыю выбухаў: у 22:00 паводле тамтэйшага часу ў сямі раёнах, разьмешчаных на поўдні гораду былі ўзарваныя некалькі бомбаў.

У дзесяці кропках гораду групы баевікоў расстрэльвалі з аўтаматычнай зброі людзей, найперш замежных турыстаў. Найболей ахвяраў налічылі ў раёне чыгуначнага вакзалу Чхатрапаці‑Шываджы, каля шпіталю Кама і ў адным з гарадзкіх рэстаранаў. Паводле папярэдніх зьвестак, у выніку дзеяньняў тэрарыстаў загінула больш за 100 чалавек, ад 300 да 1000 чалавек параненыя. Сярод загінулых — некалькі дзесяткаў паліцыянтаў, дзесяткі замежных турыстаў.

Баевікі захапілі некалькі сотняў закладнікаў у гатэлях «Трайдэнт‑Абэрой» ды «Тадж‑Махал». У апошнім, у выніку сэрыі выбухаў, пачаўся пажар. Цалкам выгаралі верхнія паверхі гатэлю. Паведамляецца пра знойдзеныя ў гатэлі 8 кг гексагену. На дадзены момант працягваецца апэрацыя па вызваленьні закладнікаў. Магутны выбух прагрымеў ў гатэлі «Трайдэнт‑Абэрой». З гатэляў прыходзіць блытаная інфармацыя пра вызваленьне людзей. Паліцыя Мумбаю выключае любыя перамовы з тэрарыстамі.

Тэрарысты сарвалі працу фондавай біржы, будынак якой знаходзіцца побач з «Тадж‑Махал».

***

Беларускі МЗС выказаў глыбокія спачуваньні родным і блізкім ахвяраў тэрактаў у Мумбаі. Інфармацыі наконт таго, ці ёсьць сярод пацярпелых у выніку тэрактаў беларускія грамадзяне пакуль няма.

Раней Аляксандр спачуваньні прэзыдэнту Індыі Працібхе Паціл ды родным пацярпелых выказаў Аляксандар Лукашэнка.

Фота з сайту газета.ua

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0