У ноч на 28 снежня ў Нацыянальнай хакейнай лізе, што на Раство брала тайм-аут, былі праведзеныя чарговыя паядынкі.
«Манрэаль Канадыенс» выйграў у гасцях у «Пітсбурга» – 2:3.
Беларускі форвард «канадыенс» Андрэй Касціцын закінуў усе тры шайбы, і быў прызнаны найлепшым гульцом матчу.На рахунку старэйшага з братоў Касціцыных цяпер 9 шайбаў і 7 асістэнцкіх пасаў. Сённяшні хет-трык першы ў ягонай заакіянскай кар'еры.
У ягонага брата - Сяргея - 6 шайбаў і 7 асістэнцкіх пасаў.
***
Урэшце закінуў першую шайбу ў сезоне і абаронца «Каларада Эвеланш» Руслан Салей(дагэтуль у беларуса былі толькі 8 асістэнцкіх балаў).
«Каларада» выйграла па булітах у «Дэтройта». Руслан вызначыўся ўжо на 6-й хвіліне, а пераможны буліт на рахунку Вольскага, што праўда, не Лявона, а ўраджэнца польскага Забжэ Войтэка.
У табліцы Усходняй канферэнцыі «Манрэаль» ідзе на 5-м месцы (44 балы), а ў Заходняй канферэнцыі «Каларада» дзеліць 8-9-е месцы з «Нэшвілам». (35 гульняў, 37 пунктаў). Каб трапіць у плей-оф трэба заняць менавіта 8-е месца.
Але наперадзе яшчэ больш чым палова рэгулярнага чэмпіянату. «Манрэалю» яшчэ трэба правесці 48 матчаў, «Каларада» -- 47.
«Таронта», за якое выступае Міхаіл Грабоўскі, на Ўсходзе толькі 11-е.
Герой хакейнай суботы Андрэй Касціцын (№46) прымае віншаванні партнёраў. Фота canadiens.nhl.com