«Газпром» атрымаў кантроль над транзытным газаправодам праз тэрыторыю Беларусі ў Эўропу, — пішуць добра інфармаваныя расейская «Газета» і «International Herald Tribune», — у выніку чаго гэтая расейская дзяржаўная энэргетычная кампанія зможа больш жорстка кіраваць маршрутам, які выкарыстоўваецца для паставак свайго прыроднага газу на эўрапейскія рынкі.

Паводле ўмоваў падпісанага ў чацьвер пагадненьня, «Газпром» стане ўладальнікам беларускага кавалку магістральнага газаправоду «Ямал—Эўропа», які пампуе 10% агульнага аб’ёму экспартаванага ў Эўропу расейскага газу. Гэтае пагадненьне падпісанае пасьля некалькіх няўдалых спробаў «Газпрому» вырваць кантроль над дзяржаўнай кампаніяй «Белтрансгаз» у беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Гэтая непразрыстая ўгода, кошт якой ня быў абвешчаны, аплачваецца пастаўкамі газу па цане ніжэй за рынкавую, а таксама бартэрам і сьпісаньнем пазык. Атрымаць якія-кольвек камэнтары ў беларускіх афіцыйных асоб не ўдалося.

Беларускі ўрад, ад якога не залежыць нічога, і прэзыдэнт, ад якога залежыць усё, сапраўды маўчаць. Ці азначае гэта, што нацыя расплаціцца газаправодамі за падтрымку Масквой Лукашэнкі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты?

Гаворка ідзе пра маёмасьць коштам 5 мільярдаў даляраў (на столькі яе ацэньваў А.Лукашэнка). Калі інфармацыя праўдзівая, Беларусь страціць кантроль над ёю. Калі інфармацыя непраўдзівая, але расейскі бок лічыць яе праўдзівай, то ў красавіку, адразу пасьля выбараў, нас чакае жорсткі газавы канфлікт з Расеяй.

А «Газпром» настроены сур’ёзна. Намесьнік старшыні кампаніі Аляксандар Разанаў заявіў як пра пэўнасьць, што на працягу трох месяцаў будзе створанае супольнае газатранспартнае прадпрыемства. Гэта адбылося 27 сьнежня, у часе падпісаньня, «Газпромам» і беларускім урадам пагадненьня пра цану расейскага газу для Беларусі й газавага транзыту для Расеі. У адпаведнасьці з кантрактам, «Газпром» паставіць у Беларусь 21 млрд м³. газу па цане $46,68 за 1 тыс. м³. «пры наяўнасьці тэхнічнай магчымасьці». Тарыф на транспартоўку газу адпаведны 2005 г. — $0,75 за 1 тыс м³. на 1000 км па сетках ААТ «Белтрансгаз» і $0,46 — па газаправодзе «Ямал—Эўропа».

Як тлумачылі прадстаўнікі «Газпрому», цана паставак газу і транспартны тарыф улічваюць чатыры чыньнікі: Расея й Беларусь ствараюць саюзную дзяржаву; летась былі падпісаныя дакумэнты, паводле якіх Расея становіцца ўласьнікам беларускага ўчастку газаправоду «Ямал—Эўропа», па якім транспартуецца звыш 50% расейскага газу, які пастаўляецца празь Беларусь на экспарт; зямля пад газаправодам аформлена Расеяй у доўгатэрміновую арэнду; нарэшце, аднаўленьне перамоваў пра стварэньне на базе «Белтрансгазу» супольнага газатранспартнага прадпрыемства расейскага ААТ «Газпром» і беларускага ўраду на парытэтных умовах.

Газавы транзыт — адзіная на сёньня магчымасьць уплыву Беларусі на Расею. Адмова Беларусі перадаць кантроль над «Белтрансгазам» на ўмовах «Газпрому» справакавала газавы крызіс у пачатку 2004 г. з часовым адлучэньнем газу для нашай краіны.

Прадстаўнікі беларускага ўраду падкрэсьліваюць, што перамовы з «Газпромам» пра стварэньне СП не спыняліся, проста «не сышліся ў цане». Статутны фонд «Белтрансгазу» складае 1,15 трлн руб. ($550 млн), але рыначная цана такіх актываў нашмат вышэйшая.

Крыніцы ў «Белтрансгазе» кажуць, што менавіта пасьля сустрэчы Лукашэнкі й Пуціна ў Сочы стала вядома пра захаваньне ранейшых коштаў на газ. Значыць, менавіта прэзыдэнты дамовіліся пра стварэньне СП.

У кожным разе, мы маем пастаўкі газу па коштах, у два разы ніжэйшых за ўкраінскія. Тлумачэньне гэтаму можа быць адно — «Газпром» атрымаў нешта ўзамен. Праўда, ніводную з ранейшых дамоўленасьцяў такога кшталту Лукашэнка ня выканаў. І гэтым можа тлумачыцца прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў на сакавік. Раней за тэрмін стварэньня СП.

Нібы прадбачачы такі паварот, кіраўнік праўленьня «Газпрому» Аляксандар Мядзьведзеў папераджальна заявіў: «Чым хутчэй мы дагаворымся па «Белтрансгазе», тым лягчэй будзе плянаваць цэнавую палітыку для Беларусі ў будучым, паколькі ўсё адно тая спэцыяльная цана, якая дзейнічае для Беларусі, будзе сапраўдная толькі ў 2006 г.».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?