Рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў Беларусі больш не будзе. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч 12 студзеня па выніках дакладу прэзідэнту.

«У пачатку года была праведзена разавая дэвальвацыя. Гэта сігнал усяму насельніцтву аб тым, што больш разавай дэвальвацыі ў нас не будзе.
Мы поўнасцю выканалі свае абавязацельствы, і больш няма неабходнасці праводзіць разавую дэвальвацыю», — цытуе кіраўніка Нацбанка прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Пракаповіч нагадаў аб тым, што Беларусь вяла актыўныя перамовы з Міжнародным валютным фондам па прыцягненні крэдытных рэсурсаў. У канцы 2008 года МВФ даў папярэднюю згоду на выдзяленне нашай краіне крэдыту ў памеры 2,5 млрд. долараў. Але падчас перамоў вострая дыскусія разгарнулася наконт неабходнасці дэвальвацыі беларускага рубля, зазначыў кіраўнік Нацбанка. Прынцыповыя разыходжанні ў бакоў былі па тым, як менавіта яе правесці: аднамомантна або паступова. «Да канца мінулага года мы адстойвалі пазіцыю, што трэба праводзіць паступовую дэвальвацыю беларускага рубля, але потым Нацыянальным банкам было прынята рашэнне аб правядзенні аднамомантнай дэвальвацыі», — сказаў Пракаповіч. Ён патлумачыў, што Нацбанку давялося дакладна рэагаваць на імклівае змяненне сітуацыі.

Паводле слоў галоўнага банкіра, ва ўмовах сусветнага крызісу Беларусі не застаецца нічога іншага як прымаць своечасовыя, хоць і непапулярныя, меры, якія б максімальна стымулявалі развіццё эканомікі, экспарцёраў, вытворцаў.
З гэтага пункту гледжання найбольш эфектыўнай была разавая дэвальвацыя, зазначыў ён. Паступовая дэвальвацыя не мае такой эфектыўнасці.

Што ж да такіх негатыўных фактараў аднамомантнай дэвальвацыі, як павышэнне цэн на імпартныя тавары, то ў любым выпадку павышэнне цэн на працягу нейкага часу адбылося б, лічыць Пракаповіч.

Паводле яго слоў, адносна памеру дэвальвацыі (20%) у Нацбанка рознагалоссяў з МВФ не было.

Вынікі работы эканомікі ў першыя дні 2009 года гавораць аб тым, што рашэнне аб правядзенні разавай дэвальвацыі было прынята правільнае, лічыць галоўны банкір. «Сітуацыя на валютным рынку ў частцы работы банкаў з насельніцтвам за першыя дні новага года ў параўнанні са снежнем 2008 года не пагоршылася. Нягледзячы на павышаны попыт на валюту, у цэлым ён заставаўся на ўзроўні снежня. Пэўныя цяжкасці з набыццём валюты ўзнікалі ў сувязі з тым, што банкі своечасова не маглі справіцца з аднамомантным высокім попытам на валюту. Цяпер валюта завезена ў банкі ў неабходным аб'ёме», — прыводзіць прэс-служба словы Пракаповіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?