У Беларусі з 1 лютага 2009 года ўводзіцца паўнацэнны заяўны прынцып дзяржаўнай рэгістрацыі ўсіх суб’ектаў гаспадарання, за выключэннем банкаў і нябанкаўскіх крэдытна‑фінансавых арганізацый. Але нічога не гаворыцца пра скасаванне нормы аб юрыдычным адрасе.
Адпаведны дэкрэт нумар 1 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 студзеня, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.

Рэгістрацыя будзе ажыццяўляцца ў дзень падачы дакументаў, неабходных для яе ажыццяўлення. Пры гэтым пералік дакументаў, што падаюцца ў рэгіструючы орган, мінімальны.

Для дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы неабходна будзе прадставіць толькі заяву, статут і дакумент, які пацвярджае выплату дзяржаўнай пошліны.
А для дзяржрэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка — заяву, фатаграфію і дакумент, што пацвярджае выплату дзяржаўнай пошліны. Пры прадстаўленні неабходнага пакета дакументаў адмова ў дзяржаўнай рэгістрацыі не дапускаецца.

Дзяржаўная рэгістрацыя юрыдычнай асобы будзе праводзіцца шляхам прастаўлення ў дзень звароту штампа на яго статуце і ўнясення запісу ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, а індывідуальных прадпрымальнікаў — шляхам унясення запісу ў такі рэгістр. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі павінна быць выдадзена на наступны рабочы дзень.

Юрыдычная асоба, атрымаўшы статут са штампам, які сведчыць аб правядзенні дзяржаўнай рэгістрацыі, а індывідуальны прадпрымальнік — сведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі,
зможа звярнуцца за вырабам пячацей (штампаў), за правядзеннем іншых юрыдычна значных дзеянняў, у тым ліку адкрыццём рахункаў у банках, гэта значыць пачаць прадпрымальніцкую дзейнасць літаральна на наступны дзень пасля звароту ў рэгіструючы орган.

Уводзячы заяўны прынцып рэгістрацыі, дзяржава разлічвае на сумленнасць і прыстойнасць з боку заснавальнікаў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Заяўнік нясе ўсю паўнату адказнасці як за адпаведнасць заканадаўству дакументаў, што прадастаўляюцца для рэгістрацыі, так і за правільнасць звестак, якія называюцца ў іх.

Дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, дзяржаўная рэгістрацыя якіх ажыццёўлена на падставе заведама няправільных звестак, што прадстаўлены ў рэгіструючыя органы, з’яўляецца незаконнай і забараняецца, а іх дзяржаўная рэгістрацыя прызнаецца несапраўднай.

Усе даходы, атрыманыя ад такой дзейнасці, без тэрміну даўнасці, за ўвесь перыяд дзейнасці суб’екта гаспадарання падлягаюць спагнанню ў мясцовы бюджэт. Самі ж асобы могуць быць прыцягнуты да адказнасці, аж да крымінальнай, і маюць права паўторна звярнуцца за дзяржаўнай рэгістрацыяй толькі пасля заканчэння аднаго года з дня прызнання дзяржаўнай рэгістрацыі несапраўднай.

Дэкрэт значна спрашчае патрабаванні да ўстаноўчых дакументаў суб’ектаў гаспадарання. Адменена неабходнасць называння ва ўстаноўчых дакументах (паведамлення рэгіструючым і падатковым органам) аб меркаваных да ажыццяўлення відах дзейнасці, а таксама ўнясення ў такія дакументы змяненняў пры змяненні месцазнаходжання арганізацыі (трэба толькі паведаміць рэгіструючаму органу пра такое змяненне), стварэнні (ліквідацыі) адасобленых падраздзяленняў (прадстаўніцтваў, філіялаў). Дадаткова выключаны патрабаванні да мінімальнага памеру статутнага фонду камерцыйных арганізацый, акрамя акцыянерных таварыстваў, банкаў і страхавых арганізацый. Велічыня статутнага фонду будзе вызначацца юрыдычнымі асобамі самастойна.

Адначасова замацоўваецца мінімальны вычарпальны пералік дакументаў, неабходных для адкрыцця бягучага (разліковага) рахунку ў банку, які значна скарочаны ў параўнанні з дзеючым. Для адкрыцця бягучага (разліковага) рахунку неабходна прадставіць толькі заяву, картку з узорамі подпісаў, адбітку пячаці і копію статута для юрыдычнай асобы (пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі для індывідуальнага прадпрымальніка). Пры гэтым засведчанне сапраўднасці подпісаў асоб і адбіткаў пячаці на картках ускладаецца на ўпаўнаважаных супрацоўнікаў банка.

Дэкрэт таксама спрашчае працэдуру ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання, замацоўвае прынцып «аднаго акна» ва ўзаемаадносінах дзяржаўных органаў пры правядзенні ліквідацыйнай працэдуры. Усе неабходныя для правядзення працэдуры ліквідацыі звесткі будуць накіроўвацца рэгіструючаму органу дзяржаўнымі органамі, а не суб’ектам гаспадарання. Пры гэтым устанаўліваецца жорсткі 30‑дзённы тэрмін прадстаўлення ўпаўнаважанымі органамі інфармацыі аб запазычанасці суб’ектаў гаспадарання перад бюджэтам, наяўнасць якой перашкаджае завяршэнню працэдуры ліквідацыі. Калі ў гэты тэрмін інфармацыя не будзе прадстаўлена, суб’ект гаспадарання ліквідуецца незалежна ад таго, ці ёсць у яго такія даўгі.

Пералік падстаў для ліквідацыі юрыдычных асоб і спынення дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў максімальна скарочаны. Суб’ект гаспадарання можа быць ліквідаваны толькі па ўласнаму жаданню, па рашэнню гаспадарчага суда (за парушэнні заканадаўчых актаў пры банкруцтве, змяншэнні чыстых актываў ніжэй за памер статутнага фонду) і рэгіструючага органа (пры прызнанні запазычанасці суб’екта безнадзейным доўгам, неажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу 12 месяцаў запар).

Як адзначылі ў прэс‑службе, выданне дэкрэта з’яўляецца яшчэ адным значным крокам у напрамку лібералізацыі эканомікі, зняцця бюракратычных бар’ераў, якія перашкаджаюць пачатку вядзення бізнесу, сведчаць аб даверы дзяржавы да суб’ектаў гаспадарання і гатоўнасці дзяржаўных органаў будаваць партнёрскія ўзаемаадносіны з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?