Я ніколі не забуду, як мы ў 1980 годзе ішлі на канікулы пасьля заканчэньня студыяў, гаварылі між сабой, што гэты народ (польскі, не беларускі!) ніхто не падыме, яму трэба толькі каўбаса і нічога больш. А празь месяц ужо была «Салідарнасьць»... На радыё «Свабода» з Аляксеем Знаткевічам гутарыць гісторык і актыўны дзеяч беларускай меншасьці ў Польшчы Алег Латышонак.

Знаткевіч: Вы замовілі нам у нашай праграме песьню «Калі імпэрыя зьнікне» гурту «Уліс». Яна была напісаная, яшчэ калі існаваў Савецкі Саюз. Калі Вы яе тады слухалі – у Вас было адчуваньне, што гэтая велічэзная імпэрыя ў хуткім часе разваліцца?

Латышонак: Ну, наколькі я помню, калі я слухаў гэтую песьню, яна на той час ужо і развалілася. Я верыў, што разваліцца, толькі што ня так рана. Калісьці яшчэ ў 80‑я мне здавалася, што гэта адбудзецца каля 2000 году. Я нават сябрам гаварыў – яны і цяпер успамінаюць, што я ўсё‑ткі ў гэта верыў.

Знаткевіч: Вы разьлічвалі недзе на 2000 год. А ці ёсьць у Вас цяпер нейкі прагноз – колькі яшчэ праіснуе цяперашні рэжым у Беларусі?

Латышонак: Такога прагнозу ў мяне няма. Дарэчы – хачу падкрэсьліць – я і тады памыліўся... Часам хочацца як найхутчэй, часам падзеі апераджаюць чаканьне. Я ніколі не забуду, як мы ў 1980 годзе ішлі на канікулы пасьля заканчэньня студыяў, гаварылі між сабой, што гэты народ (польскі, не беларускі!) ніхто не падыме, яму трэба толькі каўбаса і нічога больш. А празь месяц ужо была «Салідарнасьць»... Так што ніколі не вядома, калі гісторыя зьнянацку прысьпешыць сваю хаду. Вось цяпер ужо, здавалася б, такая стабільная сытуацыя, а гісторыя прысьпешыла – і ўсё мяняецца проста на вачах.

Знаткевіч: У панядзелак суд прызначыў Вам кампэнсацыю 18 000 злотых – гэта больш за 4 500 даляраў – за турэмнае зьняволеньне падчас ваеннага становішча ў 1982 годзе. Як Вы ўспрынялі гэтае рашэньне суду?

Латышонак: Ведаеце, я выступіў за гэтую кампэнсацыю разам зь іншымі людзьмі, якія тады пацярпелі – я належу да клюбу, які такіх людзей аб’ядноўвае – і мы прынялі такое агульнае рашэньне выступіць. Калісьці мы, вядома, змагаліся не за тое, ну але цяпер, паколькі і так няможна дачакацца справядлівасьці, дык вырашылі, што калі даюць, то бярэм. Адным гэтыя грошы больш патрэбныя, другім менш. Я ніяк не магу надзівіцца – як гэта магчыма, каб столькі гадоў прайшло менавіта «нашай» улады, а практычна ніхто гэтымі пацярпелымі тады людзьмі не цікавіўся.

Знаткевіч: Вы тады правялі ў зьняволеньні прыкладна восем месяцаў?

Латышонак: Бязь некалькіх дзён, паколькі мяне арыштавалі 28 красавіка, а на каталіцкую Куцьцю адпусьцілі дахаты.

Знаткевіч: А якая сума кампэнсацыі была б адэкватнай за тое, што тады адбылося?

Латышонак: Ведаеце, я падаў апэляцыю. Не таму, што сума замалая, а толькі таму, што суд стаў лічыць, хто сядзеў больш, а хто менш, у тым ліку і ў маёй справе. Гэта проста несур’ёзна, і такая кампэнсацыя ніяк не кампэнсуе таго, што са мной здарылася. Ну я так паглядзеў – гэта больш‑менш кампэнсацыя страчаных заробкаў настаўніка, якім я быў, за час, калі я сядзеў, больш‑менш. Лічылася толькі гэта. Ніякіх шкодаў ні са здароўем, ні маральных, ні праблемаў з пошукамі працы гэта не кампэнсуе.

Знаткевіч: З Вашага досьведу і з польскага досьведу абыходжаньня з такімі праблемамі мінулага – што б Вы параілі ў будучыні пераняць Беларусі, а чаго пераймаць ня варта? Бо сёньня ў Беларусі таксама людзі сядзяць у турмах і паводле палітычных абвінавачаньняў.

Латышонак: Наколькі я ведаю гісторыю, дык ніхто імі не пацікавіцца. Чалавек змагаецца за Бацькаўшчыну, за свабоду не дзеля грошай. І я тады таксама абсалютна пра гэта ня думаў, а цяпер ведаю, што адны змагаюцца, а другія пасьля кіруюць, адно з другім ня мае нічога супольнага.

Знаткевіч: А што варта ў будучыні рабіць з тымі, хто перасьледаваў іншых, пры гэтым часта парушаючы закон? Як гэта вырашылася ў Польшчы?

Латышонак: Ну, быццам бы ёсьць адпаведныя артыкулы ў кодэксах, але тут ніхто занадта не шукае вінаватых. Калі ўжо ня могуць вылавіць вінаватых у сапраўдных злачынствах, якія тычыліся ранейшага пэрыяду, яшчэ да таго, як я трапіў у гэтую «махіну»... Самы галоўны адказны – генэрал Ярузэльскі – яго ўсё яшчэ судзяць, тым часам як маладыя людзі ўжо й ня ведаюць хто такі Ярузэльскі.

Знаткевіч: Наколькі Вам – як беларусу, які жыве ў краіне Эўразьвязу – падаецца цяпер правільным і карысным удзел Беларусі ў праграме Ўсходняга партнэрства?

Латышонак: Я б хацеў, каб Беларусь была ахопленая гэтай праграмай, паколькі лічу, што чым болей сувязяў з Эўропай, тым лепш для Беларусі.

Знаткевіч: Сёньня (24 лютага) адбылася прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў апазыцыі, дзе яны даволі крытычна выказаліся наконт таго, што Эўропа запрашае Беларусь у гэтую праграму, але пры гэтым ня ставіць жорсткіх умоваў наконт правоў чалавека, вызваленьня палітычных вязьняў. Як бы Вы гэта пракамэнтавалі?

Латышонак: Я проста, гледзячы на гісторыю Польшчы, бачу, што з таго боку – эўрапейскага, заходняга – ёсьць намнога большыя гульцы, чым з польскага ці зь беларускага. Яны могуць выглядаць наіўнымі, але яны сваё ведаюць – гэта далёкасяжная палітыка. Польскаму рэжыму таксама давалі крэдыты, пакуль не прыйшоў час, калі пачалі пытацца: а што калі не аддасьце крэдыты, то што далей? У кожным выпадку нам, жыхарам краіны, было ад гэтага лепш.

Знаткевіч: Значыць, Вы параілі б беларускай апазыцыі не баяцца гэтага збліжэньня, нават калі яно адбываецца на тле пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека, бо рана ці позна гэта, паводле Вас, мае прывесьці да нейкіх пазытыўных вынікаў?

Латышонак: Так. Прычым я не гавару, што рана, бо я гісторык і бачу ўсё ў даўжэйшай пэрспэктыве. Уся мая маладосьць прайшла ў той сытуацыі, калі Герэк браў і браў крэдыты, а пасьля ўсё гэта развалілася. Таму я не гавару, што гэта зьменіцца хутка. Да таго ж застаецца пытаньне – як улады Эўразьвязу будуць трактаваць беларускую апазыцыю, і гэта – адзінае няяснае для мяне ў гэтай праблеме: ці, ідучы напрасткі на размовы зь беларускімі ўладамі, яны забудуць пра апазыцыю. Гэтае самае галоўнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?