Нечаканы каскад выпадаў Лукашэнкі супраць апазіцыі ("Віцебскі маніфест") даў аналітыкам новы каларытны матэрыял для каментароў. Што гэта было? Эмацыйны зрыў? Прадуманы піяр-ход? Месыдж каму?

Пры ўсёй славутай імпульсіўнасці афіцыйны кіраўнік добра трымае сябе ў руках у патрэбныя моманты ці нават перыяды. Калі ў Крамлі ці Сочы — хоць да раны прыкладай. І пасля оба-на-дэвальвацыі вытрымаў паўзу: хай Драздоў з Нацбанка выкручваецца! :)

Віцебскія філіпікі ад 17 сакавіка ёсць прыкладам свядомага ўжывання старога як свет прыёму — выставіць ворага смешным і нікчэмным. Намаляваць карыкатуру (“п’янь”, “дурнота”, “палезла цераз усе дзіркі”). Фішка — рэфрэн пра вашывасць. Лідэрам тытульнай апазіцыі перад паездкамі ў Страсбург трэба, мусіць, запасацца даведкамі, што не пакутуюць на педыкулёз.

Але разам з тым у гэты прадуманы піяраўскі спектакль, несумненна, была ўкладзена душа. Бадай, на 90% гнеў справакавала канкрэтная фігура (“Некаторыя вялікія дзеячы, якіх мы з турмаў павыпускалі, вызвалілі, ажно верашчаць у адкрытую…”).

Усё ж у пытанні палітвязняў Захад Лукашэнку летась даціснуў, і гэта прыніжэнне смыліць дасюль.

Хіба ж не крыўдна, што ненавісны экс-кандыдат у прэзідэнты (ды яшчэ наменклатурны перабежчык з гледзішча правадыра!), датэрмінова пакінуўшы “Віцьбу-3”, камфортна ваяжуе па Еўропах і заклікае не легітымаваць дыктатара!

А галоўнае, Брусель прыслухоўваецца. Хай сабе і кулуарна, але шчэміць у пытаннях дэмакратыі, грамадзянскіх свабод.

І на гэты конт прагаварыўся сам Лукашэнка: “Ад мяне патрабуюць: вы гэта скасуйце, тое зрабіце. У нас жа ёсць законы. Што ад прэзідэнта патрабуеце? Прэзідэнт таксама мусіць выконваць гэтыя законы”.

Карацей, “мы не хацелі б, каб еўрапейцы тузалі нас па дробязях”.

Такім чынам, Еўропа, насуперак закідам гарачых апазіцыйных дзеячаў, не зусім ужо і здрадзіла дэмакратыі. Закулісна дамагаецца, напэўна, і зменаў у Выбарчым кодэксе, і скасавання адыёзнага крымінальнага артыкулу 193-1), і яшчэ чаго-кольвечы.

Гэта, бадай, і меў на ўвазе спадар Салана, калі заявіў: маўляў, тэт-а-тэт я сказаў Лукашэнку ўсё, што належала сказаць. Дык ці варта дыпламатыі ЕС так ужо гуляць у гэтыя сакрэты полішынеля? У выніку, як бачым,

беларускі афіцыйны бок пачынае спекуляваць на непразрыстасці дыялогу. Маўляў, той Салана ад нас нічога не патрабуе, мы з ім дамовіліся па паняццях, а тут нейкія драбнейшыя сошкі пачынаюць панты кідаць!

Карацей, зноў устае сакраментальнае пытанне аб крытэрах дыялогу, нейкім варыянце дарожнай карты. Бо дыялог ні пра што і не прывядзе ні да чога. Еўропа так і будзе атрымліваць анучай па твары.

Іншая рэч, што, канечне ж, спіс умоў на кожным этапе мусіць быць рэалістычным. Максімалізм часткі апазіцыянераў: хай Лукашэнка спачатку хуценька зробіць тут дэмакратычны рай, зладзіць сумленныя выбары і г.д., а потым — хоць у Прагу, хоць да чорта на рогі — выглядае толькі прыгожай позай. (Дарэчы, трэба яшчэ разабрацца, ці рвецца сам ён у тую Прагу. Там жа стануць грузіць, і не па дробязях.)

Ну ўявім сабе, што гераічнымі высілкамі ўдалося рэанімаваць і нават пашырыць чорны спіс, тарпедаваць дыялог Мінск — Брусель. І што далей? Заўтра вы зробіце тут рэвалюцыю? Ці, наадварот, расперазаны рэжым датопча ўсё, што яшчэ варушыцца?

Прапаную ўзважыць імавернасць кожнага са сцэнароў.

Ва ўсякім разе, тое, што Еўропа наважылася ўлучыць нашу краіну ва “Усходняе партнёрства” не чакаючы, пакуль тут забуяе дэмакратыя, — цалкам слушны падыход. Не стамлюся паўтараць: лепей міліметры ў Еўропу, чым у імперыю!

Нервовая рэакцыя Лукашэнкі акурат і выдае, што ён адчувае небяспеку брусельскага плана ўзяць сваё ціхай сапай. У ягоную сістэму хочуць запусціць нейкага жучка, кузурку, вірус!

А сістэма, калі разабрацца, такая ж гнілая, як і савецкая. Мо’ і гнілейшая. Ніякай адданасці правадыру няма. Дасюль паспаліты люд аддаваў “Рыгоравічу” належнае за нармальную пайку. Цяпер пайку даводзіцца ўрэзваць.

Ва ўмовах эканамічнага прасядання нават гамеапатычныя дозы палітычнай канкурэнцыі могуць разгойдаць сістэму за лічаныя гады: так перабудова скрышыла Савецкі Саюз. Таму сама думка аб допуску “вашывых” унутраных праціўнікаў у сістэмную палітыку выклікае такі выбух эмоцый.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?