У рамках вужгарадскага эратычнага арт-фэсту «Березневі коти» («Марцовыя каты») галоўны прыз, 400 грыўняў і шакаладны чэлес, атрымаў магілёўскі паэт Віталь Рыжкоў.

Для мастакоў і літаратараў Украіна сёння — казацкая вольніца. Шматлікія фестывалі і творчыя сустрэчы, не абдзеленыя ўвагай наведнікаў і не надта абцяжараныя (сама)цэнзурай. Вось ці магчыма на беларускіх абсягах, скажам, дзе-небудзь у Мазыры ці Маладзечне, ладжанне не зусім прастольнага і не надта прыстойнага арт-фэсту?

На вужгарадскім арт-фестывалі можна было паглядзець-пачытаць відэапаэзію «мас Турбація», глянуць на здымкі з фотавыставы эратычнага мастацкага фота «Зародження». Увечары патанчыць танцы на вечарынцы «Chicarrones Shator Presente — Chicholinos», ці атрымаць асалоду ад паэтычнага марафону «Слововіця», а таксама «пазаўзець за нашых» у конкурсе паэтычнага слэму. «За нашых», бо ў слэме і бралі ўдзел і белпаэты: Сяргей Прылуцкі і Віталь Рыжкоў.

Беларускаму паэту лягчэй прыцягнуць увагу ўкраінскай публікі падчас чытаньня вершаў, чым нават украінскаму. Віталь Рыжкоў мяркуе, што гучаньне вельмі блізкай, але ўсё ж адрознай беларускай мовы стварае надзвычайны станоўчы эфект. Патрэба прыслухоўвацца для лепшага разумення дорыць выканальніку вершаў дадатковыя бонусы да ўвагі, (а самім вершам — мо і дадатковыя сэнсы), таму ня дзіва, што прымалі беларускую літаратуру на ўжгарадскім фестывалі надзвычай цёплы.

«Уласна кажучы, гэты паэтычны конкурс адрозніваўся ад раней мной пабачаных слэмаў тым, што шмат падрыхтваных загадзя, правераных на розных публіках, вершаў на ім амаль не патрабавалася, — кажа Віталь Рыжкоў. — Трэ было прыдумваць імправізацыі, выкарыстоўваючы словы, якія прапаноўвалі судзьдзі-глядачы з залі». Па словах Рыжкова неблагой тактыкай для прыдумвання вершаў перад украінскай публікай было зводзіць ўласныя практыкаванні да «цнатлівых жартаў з рамантычнымі канцоўкамі...»

За тыя «цнатлівыя жарты з рамантычнай канцоўкай» Віталь і атрымаў свой прыз, — шакаладны чэлес. «Пакуль ляжыць у лядоўні — не надумаў, што з ім рабіць. Можа, спяку шакаладны пірог».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?