Кітай падазрае афіцыйны Мінск у «падвойнай гульні» і пагражае ахаладжэннем міждзяржаўных адносінаў. Прычына — выстава пра Тыбет і кніга намесніка дырэктара Інстытуту Канфуцыя пры БДУ.

Пазіцыю кітайскага пасольства агучыў праз агенцтва «Інтэрфакс» кіраўнік лукашэнкаўскага аналітычнага цэнтру «EcooM» Сяргей Мусіенка. Кітайцы моцна незадаволеныя дзейнасцю мінскага аддзялення Інстытуту Канфуцыя. Інстытут гэты быў створаны пры Белдзяржуніверсітэце на кітайскія грошы, а ўзначальвае яго былы рэктар БДУ Васіль Стражаў (на фота), для якога гэтая справа стала сінекурай. Задача Інстытуту — прапаганда кітайскай культуры і ведаў пра Кітай. Ва ўсім свеце гэта кітайская структура, і толькі ў Беларусі, з улікам асаблівага характару беларуска‑кітайскіх адносінаў, кітайцы пайшлі на тое, што гэты Інстытут стаў структурай БДУ.

Інстытут Канфуцыя зладзіў выставу фатографа Аляксея Андрэева «Кітайскі Тыбет», на якой, паводле кітайскіх дыпламатаў, праблематыка асвятлялася аднабакова — па ёй заставалася ўражанне «духоўнага спусташэння» і не знайшлі адлюстравання дасягненні апошніх гадоў, прынесеныя ў Тыбет Кітаем, накшталт хуткаснай чыгункі.

Нараканні кітайскага боку выклікала і кніга намесніка дырэктара Інстытуту Канфуцыя Ігара Малевіча «Азіяцкі трохкутнік драконаў», якая ўтрымлівае сцверджанні накшталт «50‑гадовая акупацыя Тыбету», «Тайвань — мадэль будучага Кітаю?»

С.Мусіенка заявіў таксама, што «ні фатограф, ні намеснік дырэктара Інстытуту Канфуцыя не прынялі запрашэнне амбасады КНР прыйсці ў госці і абмеркаваць гэтае пытанне». А тое, што БДУ — дзяржаўны універсітэт, а тыпаграфія «Беларускі дом друку» належыць Кіраўніцтву справаў прэзідэнта, дало кітайскім дыпламатам падставу расцаніць гэтыя факты як выяўленне афіцыйнага стаўлення беларускай дзяржавы. І Кітай, паводле словаў С.Мусіенкі, гатовы згарнуць гандлёва‑эканамічнае, палітычнае і культурнае супрацоўніцтва з Беларуссю.

А гэта ўжо атас, бо лукашэнкаўскаму ўраду нагвалт патрэбны валютны своп на 20 млрд юаняў.

«На адкрыцці маёй выставы прысутнічалі прадстаўнікі пасольства Кітаю і ніякіх прэтэнзій на мой адрас, як аўтара фотаздымкаў, не прагучала, — дзівіцца Аляксей Андрэеў. — І ў пасольства мяне ніхто не запрашаў, і пытанняў не ставіў. Я б з радасцю абмеркаваў усе пытанні, звязаныя з выставай».

Фотамастак дадаў, што ў ягоных творах няма нічога, што б магло абразіць пачуцці прадстаўнікоў Кітаю і выклікаць такія жарсці. «Абвінавачанні цяпер выглядаюць дзіўна, — кажа ён, — пасля таго, як выстава паўтара месяцу дэманстравалася ў бібліятэцы імя Янкі Купалы». Дый кніга прафесара Малевіча, што выклікала абурэнне, як стала вядома, яшчэ два гады таму была выдадзеная ў Расіі (выдавецтвы «Харвест» і «АСТ») і нараканняў не выклікала. Сам Ігар Малевіч ад каментароў адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што яшчэ не азнаёміўся з інфармацыяй.

Са словаў Мусіенкі, Кітай не выдасць кітайскай візы ані Стражаву, ані Малевічу.

Мусіенка — асоба, звязаная са спецслужбамі, ён удзельнічаў у прапагандысцкім абслугоўванні рэферэндуму 2004 і выбараў 2006 гадоў. Пасада дырэктара Інстытуту Канфуцыя — грашовая сінекура. Пасля скандалу яна яўна застанецца вакантнай.

 Васіль Стражаў (справа). Фота photo.bymedia.net

Васіль Стражаў (справа). Фота photo.bymedia.net

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0