Гомельшчына займела першы ў краіне партал рэгіянальных СМІ. Як дэкларуюць яго стваральнікі, тут ёсць месца ня толькі дзяржаўнай прэсе.

Гомельшчына першая ў краіне займела партал рэгіянальных СМІ. Вось як навінку прэзентуюць ягоныя стваральнікі: «Гомельская вобласць — адзін з культурна развітых рэгіёнаў Беларусі, дзе дзейнічае 71 рэдакцыя друкаваных выданняў і 36 арганізацыяў тэлебачання і радыёвяшчання. Па насычанасці друкаванай прадукцыяй на чалавека вобласць з’яўляецца адным з лідэраў у рэспубліцы. Дадзены Інтэрнэт-партал — гэта чарговы крок у пашырэнні інфармацыйнай прасторы як Гомельскай вобласці, так і Рэспублікі Беларусь у цэлым».

Што ж сабой уяўляе партал, чые стваральнікі, акрамя ўсяго дэкларавалі, што на ім знойдзецца месца ня толькі для дзяржпрэсы. Ён інфармуе пра зарэгістраваныя ў вобласці друкаваныя выданні, радыёстанцыі і тэлеканалы, карпункты рэгіянальных і агульнарэспубліканскіх СМІ (з недзяржаўных тут прадстаўленыя агенцтва БелаПАН і «Комсомольская правда в Беларуси»), раздзел, прысвечаны афіцыйнаму Беларускаму саюзу журналістаў (інфармацыя пра БАЖ адсутнічае), а таксама раздзелы «Анонсы», «Навіны», «Нарматыўныя акты», «Прэс-службы» (кантакты аблвыканкаму, ДАІ, МУС і г.д.) і «Конкурсы».

Цікавасць выклікае раздзел «Газеты і часопісы». Недзяржаўныя выданні ў гэтым спісе ёсць, але грамадска-палітычных газет тут наўрад ці не знойдзеш — напрыклад «Светлогорский бизнес» друкуе выключна прыватныя абвесткі і рэкламу, а мазырская газета «Полесье своими глазами» піша пераважна на побытавую тэматыку. Не кажучы ўжо пра газеты тэлепраграмаў і сканвордаў.

Спасылкі на сайты большасці з прадстаўленых у спісе выданняў, найперш раённых газет, даюць цудоўную магчымасць чытачам з іншых рэгіёнаў не ўстаючы з-за кампутара даведацца пра што тыя газеты пішуць, якой мовай друкуюцца. Некалькі фактаў.

З больш чым двух дзесяткаў раённых газет, уключна з газетамі раёнаў Гомеля, толькі некалькі выданняў прытрымліваюцца моўнага парытэту — на дзвюх дзяржаўных мовах выкладзеныя матэрыялы на сайтах «Петрыкаўскіх навінаў», «Добрушскага краю», брагінскага «Маяка Палесся», хойніцкага «Ленінскага сцягу».
Астатнія выданні пераважана расійскамоўныя. Некаторыя з іх у далёкія савецкія часы пачыналі выхад па-беларуску, як былы «Камунар» у 1930 годзе (сённяшняе «Свабоднае слова», Рагачоў).

Многія з раёнак у 1991-1992 гг змянілі назвы, але не ўсе — ёсць яшчэ на Гомельшчыне свой «Серп i молат». Што праўда, чытаючы раёнкі, і ня толькі Гомельскія, цяжка пазбавіцца ўражання, змест іх пераважна застаўся ранейшым, ня гледзячы на змену назваў.

Сайты раённых газет, распрацаваныя БЕЛТА, натуральна, падобныя між сабой дызайнам і рубрыкамі, нават апытанні на многіх з іх аднолькавыя. Некаторыя рубрыкі пакуль не напоўненыя зместам. Так, на сайтах тых жа «Пертыкаўскіх навінаў», ці «Светлага жыцця» ў рубрыцы «Афіша» адсутнічае інфармацыя ў раздзелах «Цырк», «Тэатр» ды «Выставы».

Не ўсе друкаваныя СМІ рэгіёну маюць сайты. А некаторыя з іх пад выглядам сваёй старонкі прапанавалі спасылку на сайт уласніка — так, за спасылкай на газету «Информобзор» насамрэч хаваецца сайт выдавецтва «Техническая книга», дзе ўласна газеце адведзена месца ў каталогу прадукцыі, а спасылкі на газету «Нефтяник» і часопіс «Нефтяник Полесья» вядуць на афіцыйную старонку РУП «Беларуснафта».

Вопыт Гомельскай вобласці цікавы найперш тым, што ўпершыню ў Беларусі партал мясцовых СМІ быў створаны цэнтралізавана. Дагэтуль раённыя выданні ў рэдкіх выпадках заводзілі ў сеціве ўласныя сайты. Цікавы прыклад дзятлаўскай «Перамогі», якой мясцовы незалежны сайт dzyatlava.by з уласнай ініцыятывы вылучыў асобную старонку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?