Міністр працы і сацыяльнай абароны заявіў, што дзяржава не збіраецца адступаць ад планаў павышэння рэальнага заробку на 15-17% да канца году.

У сакавіку рэальны налічаны заробак (заробак, разлічаны з улікам росту спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) у параўнанні з лютым вырас на 5%, сведчаць звесткі Белстату. У I квартале 2009 г. у параўнанні з I кварталам 2008 г. рэальны налічаны заробак павялічыўся на 3,6%.

Намінальна налічаны сярэднемесячны заробак у I квартале 2009 г. склаў 928,1 тыс. рублёў, у тым ліку ў сакавіку — 957,1 тыс. рублёў і павялічыўся ў параўнанні з лютым 2009 г. на 5,6 %, або на 51 тыс. рублёў.

Найбольшыя намінальна налічаныя заробкі атрымліваюць мінчукі — 1258180 руб. у І квартале (1292598 руб. у сакавіку), найменшыя — у Магілёўскай вобласці — 801626 і 827260 руб. адпаведна.
Калі параўноўваць па галінах эканомікі, то
найбольшыя намінальна налічаныя заробкі зафіксаваныя ў прамысловасці — у чорнай металургіі яны складаюць у сярэднім 1847034 руб. у І квартале (1935978 руб. у сакавіку), найменей атрымліваюць супрацоўнікі сацыяльнага забеспячэння —553361 і 571349 руб. адпаведна.

Параўноўваючы зменены рэальнага налічанага заробку платы ў I квартале 2009 г. у адносінах да I квартала 2008 г., можна адзначыць, што найбольшы рост зафіксаваны ў фізкультуры і спорце — 117,8%, сельскагаспадарчай вытворчасці — 114,9%, у лідэрах таксама супрацоўнікі авіятранспарту — 112,1%. Найбольшае зніжэнне намінальных заробкаў у параўнанні з І кварталам мінулага году зафіксаванае ў лясной гаспадарцы — 88,2% ды лясной, дрэваперапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці — 90,6%. Агулам у прамысловасці намінальна налічаны заробак у ў I квартале 2009 г. у адносінах да I квартала 2008 г. склаў 99,2%.

Тым часам, улады не адмаўляюцца ад амбіцыйных планаў павышэння заробкаў.

«Дзяржава не збіраецца адступаць ад планаў павышэння рэальнага заробку на 15-17% да канца году, якія закладзеныя ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця»
перадае словы міністра працы і сацыяльнай абароны Ўладзіміра Патупчыка БЕЛТА. Міністр пры гэтым не ўдакладніў, калі дакладна адбудзецца павышэнне, зазначыўшы, што «ўсё залежыць ад стану эканомікі і магчымасцяў бюджэту».

***

Эканаміст Аляксандр Чубрык мяркуе, што падвышэнне заробкаў у сакавіку — гэта хутчэй сезонная з’ява: «Мяркуўце самі — рост рэальных заробкаў у І квартале 2009 г. у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага году зафіксаваны ў тых галінах, дзе ў гэты час выдзяляюцца бюджэтныя сродкі — сельская гаспадарка найперш». У цэлым, кажа эканаміст, назіраецца паўзучае зніжэнне заробкаў. Так у параўнанні з лістападам мінулага году, рэальны заробак скараціўся на 10%. Што датычыць словаў міністра Патупчыка, то не варта забывацца на абавязальніцтвы Беларусі перад МВФ, нагадвае А. Чубрык. Паводле іх, рост заробкаў на прадпрыемствах з вялікай доляй дзяржавы не павінен перавысіць у 2009 г. 5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?