У Варшаве пад эгідай National Geographic выйшаў турыстычны дапаможнік пра Беларусь, укладзены ангельскім падарожнікам, ілюстраваны фотамі Юліі Дарашкевіч. Гэтак хораша, аж хочацца паехаць да самога сябе ў госці.

Першыя два раздзелы — агульная інфармацыя пра Беларусь: гісторыя, культура, галоўныя беларускія славутасці, даведка пра шляхі злучэння і г.д. Потым па раздзеле на кожны з шасці абласных гарадоў: транспарт, месцы адпачынку, дзе і як смачна і танна паесці. Крытычная ацэнка асноўных беларускіх гатэляў, не забыўшы пра выгодныя бакі. Акрамя таго, архітэктурныя славутасці па-за межамі вялікіх гарадоў (Мір, Нясвіж, Полацк). Прыгаданыя і атракцыі, створаныя нядаўна: Дудуткі і «Лінія Сталіна».

НН ужо пісала пра аўтара турыстычных нататкаў пра Нёман па-нямецку Увэ Рада. На яго думку за цяперашнім светам на еўрапейскім кніжным рынку можна заўважыць такую тэндэнцыю: чытачы-падарожнікі больш не хочуць адно сухіх турысцкіх звестак. Цяпер аўтары на патрэбу спажыўца мусяць ўзбагаціць дапаможнікі літаратурнымі, цалкам суб’ектыўнымі, замалёўкамі і цікавосткамі.

Аўтар турыстычнага дапаможніка National Geographic пра Беларусь, Найджэл Робертс, пайшоў тым жа шляхам: спалучыў карысную інфармацыю (дзе спыніцца на ноч, курс мясцовых валютаў і г.д.) з аўтарскімі нататкамі «Шатанскі напой» (зацемы пра беларускую гарэлку) і «Марк Шагал» (іранічна-біяграфічныя развагі, ці ж Віцебск — другі Парыж, ці то наадварот, Парыж усё ж другі Віцебск).

З турыстычнага дапаможніка атрымалася сама па сабе захапляльная экскурсія па Беларусі, а эфект падабенства да турыстычнай выправы ўзмацніўся дзякуючы фотакарэспандэнтцы НН Юліі Дарашкевіч. Кніга цалкам аздобленая ёйнымі здымкамі. Некаторыя памылкі аўтара — сярэдневечная Літва ўпарта называецца суседкай сераднявечнай Беларусі — ніяк не замінаюць пачуццю, што нарадзілася пасля прачытання-вывучэння гэтага дапаможніка: хочацца паехаць да самога сябе ў госці.

Nigel Roberts. Białoruś. Przewodnik turystyczny National Geografic. Warszawa: G+J RBA, 2008. 246pp.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?