9 траўня ў Слоніме незадоўга да пачатку матчу чэмпіянату ў першай лізе паміж мясцовым «Камунальнікам» і бабрйскай «Белшынай» адбылася вялікая бойка паміж фанатамі.

Варажнеча паміж слонімскімі і бабруйскімі футбольнымі хуліганамі доўжыцца не першы год, таму той факт, што будзе велізарная бойка — нікога не здзівіў.

Яшчэ задоўга да пачатку матчу па дварах збіралася мясцовая моладзь, якая была гатовая «абараняць гонар» клуба. Папярэдне рыхтавалася да гэтай падзеі і мясцовая міліцыя.

Але якое было здзіўленне і тых, і другіх,

калі за 15 хвілін да матчу ля галоўнага ўваходу на стадыён з’явіліся група дужых хлопцаў — фанатаў менскага і берасцейскага «Дынама», і ФК «Баранавічы», што прыехалі пачасаць кулакі.

Прыезджыя (каля 45 чалавек) наляцелі на сценку слонімскіх фанатаў (каля 50‑60 чалавек), сярод якіх былі прадстаўнікі Ваўкавыска.

Бойка была жорсткай, але непрацяглай. Мясцовыя супрацоўнікі праваахоўных органаў спынілі хуліганаў.

Хоць, каб разагнаць фанатаў, адзін з міліцыянтаў быў вымушаны ўжыць табельную зброю. Ён зрабіў восем стрэлаў у паветра з пісталета. Гэта падзейнічала як халодны душ на ўдзельнікаў бойкі, і яны сталі разыходзіцца.

Аднага з самых буйных (фанат з Берасця) «упакавалі» ва ўазік. Іншых іншагародніх у суправаджэнні міліцыі вывезлі за горад і адпусцілі на ўсе чатыры бакі.

Самае цікавае, што фанаты «Белшыны» ў бойку не палезлі, а назіралі за падзеямі з тэрыторыі стадыёну.

А ў футбольным матчы перамог «Камунальнік» з лікам 2:1.

Сяргей Васільеў, Газета Слонімская

Міліцыя праводзіць праверку па факце бойкі ў Слоніме, дадае Інтэрфакс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0