Напярэдадні яго 10 найлепшых матчаў апошніх 25 гадоў успамінае Віталь Цыганкоў.

Якім ён стане, якім увойдзе ў гісторыю – напружаным, але малавідовішчным супрацьстаяньнем альбо фаервэркам галоў і прыгожай гульні? Будзе гэта 0:0 альбо 3:2? Зараз ніхто ня можа гэта прадказаць, але я хачу дапамагчы аматарам футболу ўзгадаць найбольш яркія, захапляльныя і гістарычныя матчы чэмпіянатаў сьвету за прамінулую чвэрць стагодзьдзя.

10. Аргентына – Сэрбія і Чарнагорыя 6:0

Пачаць гэтую дзясятку дазволю сабе з матчу сёлетняга чэмпіянату. Пра сустрэчу Аргентына – Сэрбія і Чарнагорыя пакуль ня склалі песьняў (магчыма, Сэрбія не выклікае такіх сымпатыяў, як Ямайка), але ў гэтай гульні было ўсё, што прагне бачыць футбольны гурман: яркія камандныя камбінацыі, фантастычныя індывідуальныя праходы і ўдары, – ну і нарэшце, лік: 6:0. Варта нагадаць, што Сэрбія і Чарнагорыя зусім не былі недарэчнай камандай – за ўвесь адборачны турнір у 10 матчах яны прапусьцілі ўсяго адзін мяч, абагнаўшы гішпанцаў. І вось такое кур’ёзнае заканчэньне футбольнай гісторыі югаслаўскай дзяржавы (тры паразы ў трох групавых матчах). Можа, яны гулялі гэтак жахліва таму, што гулялі за дзяржаву, якой ужо не было (за некалькі дзён да чэмпіянату Чарнагорыя на рэфэрэндуме прагаласавала за незалежнасьць)? Што да аргентынцаў, то каманды, якія выйграюць у групе 6:0, далёка не праходзяць. Прэцэдэнты ўжо былі...

9. СССР – Вугоршчына 6:0

Так, у маім гіт-парадзе ёсьць яшчэ адзін матч зь лікам 6:0, да якога сама непасрэднае дачыненьне мелі беларускія футбалісты. СССР – Вугоршчына, 1986 год, групавы турнір. Другі мяч ужо на 6 хвіліне забівае цудоўным далёкім ударам наш Сяргей Алейнікаў і атрымлівае прыз – гадзіньнік Seiko. (Дарэчы, на чэмпіянаце Эўропы 1988 году Алейнікаў зноў атрымаў прыз – за самы хуткі гол чэмпіянату, забіты ангельцам ужо на 3-й хвіліне ў слаламным індывідуальным праходзе.) Каманда СССР, сабраная пераважна з футбалістаў кіеўскага «Дынама», адразу становіцца адным з фаварытаў першынства, і... прайграе ў 1/8 фіналу бэльгійцам ў дадатковы час 4:3.

8. Нямеччына – Ангельшчына 1:1

Паўфінал 1990 году. 1:1. Па пэнальці выйграе Нямеччына. Шмат атак, майстэрства, стараньня, напружанасьці, але абодва галы нейкія «крывыя»: першы – рыкашэт з штрафнога, другі – памылка трох абаронцаў.

У дадатковы час ангелец Пол Гаскойн у падзеньні не дацягваецца да мяча, замыкаючы перадачу з флянгу, што дае падставы камэнтатарам спэкуляваць на тэму «каб ня лішняя кварта піва...». Менавіта пасьля гэтай гульні лепшы снайпэр першынства Гары Лінэкер сказаў сваю легендарную фразу: «Футбол – простая гульня, 22 чалавекі ганяюць мяч 90 хвілінаў, а ў канцы выйграюць немцы» («Football is a simple game; 22 men chase a ball for 90 minutes and at the end, the Germans win»).

Дарэчы, афарызм афарызмам, але немцы на самай справе на чэмпіянатах сьвету яшчэ ніколі не прайгравалі пасьляматчавых пэнальці! А тая нямецкая зборная (Клінсман, Матэўс, Фёлер, Брэмэ) насамрэч заслугоўвала выйгрышу больш за іншых.

7. Францыя – Бразылія 1:1

Яшчэ адзін 1:1 з пэнальці. Чвэрцьфінал 1986 году. Францыя на чале з Пляціні супраць Бразыліі на чале зь «белым Пэле» Зыка. Крыўдна становіцца часам за асобных вялікіх гульцоў, якім не пашчасьціла выйграць чэмпіёнства, і гістарычныя дасягненьні якіх з-за гэтага непазьбежна дэвальвуюцца. Як бы ацаніла футбольная гісторыя Плятыні, Зыка ці Ван Бастэна, калі б яны сталі чэмпіёнамі? Хто быў бы вышэй у футбольнай герархіі: Марадона ці Рабэрта Баджа, які ў адзіночку давёў Італію да фіналу ў 1994 годзе, але так і ня стаў чэмпіёнам? Але вернемся да матчу, 1:1 пасьля асноўнага часу, пры гэтым на 76-й хвіліне Зыка не забівае пэнальці. У сваю чаргу ў сэрыі пэнальці не забівае вялікі Плятыні, але Францыя выйграе футбольную лятарэю – і толькі дзеля таго, каб у паўфінале зноў, як і ў 1982 годзе, сустрэцца са сваімі футбольнымі злымі геніямі немцамі, якія і абыграюць іх 2:0.

6. Бразылія – Галяндыя 3:2

Чвэрцьфінал. 1994 год. Галяндцы – нейкая ўнікальная каманда. Апошнія гады яны амаль заўсёды на раньніх стадыях прайграюць будучым чэмпіёнам ці як мінімум фіналістам. У 1990-м – чэмпіёнам-немцам, у 1994-м – чэмпіёнам-бразыльцам, у 1998-м – фіналістам бразыльцам. (Ці азначае гэтая прыкмета, што чэмпіёнамі ў нядзелю стануць партугальцы, якім галяндцы прайгра-лі ў 1/8 фіналу?) Тады, у 1994-м, галяндцы былі, бадай, адзіныя, хто мог спыніць бразыльцаў, адзіныя, хто здолеў забіць ім два галы.

5. Ангельшчына – Камэрун 3:2

Чвэрцьфінал 1990 году. 3:2 у дадатковы час, асноўны 2:2. Адна зь нешматлікіх каляровых плямаў на тым шэрым чэмпіянаце, калі Аргентына сваім антыфутболам дакульгала да фіналу. Тры пэнальці (і ўсе справядлівыя!), гульня 38-гадовага камэрунца Ражэ Мілы, афрыканскай зборнай не хапае 10 хвілінаў да выхаду ў паўфінал. З таго матчу вось ужо 20 гадоў усе мы чуем фразу (у розных варыяцыях, але сэнс адзін) «афрыканскі футбол на пад’ёме». І калі я яе чую, мне хочацца схапіцца калі не за пісталет, то хаця б за табліцу вынікаў чэмпіянатаў. Які пад’ём? Кожны чэмпіянат максымум адна з афрыканскіх зборных выходзіць з групы і раз на дзесяцігодзьдзе даходзіць да чвэрцьфіналу. Усё, сьцяна! І самае паказальнае, што няма ніякай стабільнасьці – дзе зборныя Камэруну, Нігерыі, Марока, Сэнэгалу, якія ярка праяўлялі сябе на асобных чэмпіянатах? Зьніклі ў загадкавых футбольных джунглях чорнага кантынэнту, саступілі сваё месца Тога і Анголе, для якіх адзін зароблены пункт ужо ёсьць падставай для нацыянальнага сьвята.

4. Аргентына – Ангельшчына 2:1

Чвэрцьфінал 1986 году. Матч, у якім былі забітыя два, напэўна, самыя вядомыя галы Марадоны ў гісторыі. Першы – калі аргентынскі геній (геніям усё дазволена?) падправіў мяч рукой, сказаўшы потым, што гэта была «Божая рука». Ну, а другі гол, напэўна, сотні разоў круцілі па ўсіх спартовых каналах – ён стаў калі ня сымбалем самога футболу, то, прынамсі, сымбалем футбольнага таленту Марадоны. Дыега падхапіў мяч у цэнтры поля і па дарозе абыграўшы 6 чалавек і брамніка, не аддаючы нікому пасоў, закаціў яго ў брамку. Пэле такіх галоў ніколі не забіваў. Пэле ўмеў забіваць, але Марадона ўмеў усё астатняе. Увогуле, калі ў цыкле «Легенды чэмпіянатаў сьвету» па Euronews глядзіш на той чэмпіянат 1986 году, то са зьдзіўленьнем разумееш, што Марадона так ці іначай удзельнічаў ва ЎСІХ галах аргентынцаў – пачынаў атаку, даваў апошні пас альбо забіваў сам. Ён быў проста на галаву вышэйшы за іншых – а побач з Пэле заўсёды было суквецьце роўных ці амаль роўных яму зорак.

3. Італія – Бразылія 3:2

Чвэрцьфінальная група 1982-га. У адну чвэрцьфінальную групу выйшлі дзейны чэмпіён – Аргентына, дзе ўжо набіраў сілы малады Марадона, непараўнальная Бразылія і Італія, якая ледзь выпаўзла з групы. Камэнтатары абураюцца, што ў адну групу трапілі чэмпіёны-аргентынцы і фаварыты турніру – бразыльцы. Італьянцаў, якія ў першай групавой стадыі забілі ў трох матчах толькі два галы, ніхто і ня ўзгадваў. Але ў Італіі «прачнуўся» Росі і зрабіў у матчы з бразыльцамі хет-трык. Росі забіваў, бразыльцы даганялі, нібыта верачы ў прымаўку, якую ім прыпісваюць – «вы заб’еце колькі можаце, мы – колькі хочам». Пасьля трэцяга голу Росі прымаўка зламалася.

2. Аргентына – Нямеччына 3:2

Фінал 1986 году быў, напэўна, найлепшым фіналам нашага часу (на другое месца я паставіў бы фінал 1998-га Францыя – Бразылія 3:0). Яркая драма зь непрадказальнымі паваротамі. Безумоўны фаварыт – Аргентына – вядзе ў другім тайме 2:0, і здаецца, усё скончана. Але немцы ёсьць немцы, Румэніге і Фёлер пасьля розыгрышаў кутніх забіваюць два галы – за 15 хвілінаў да канца – 2:2. Тут ужо многім здаецца, што немцы зноў, як і ў паўфінале 1982 году, перамогуць аб’ектыўна лепшую за іх каманду. Але футбольныя богі часьцей за ўсё бываюць справядлівыя – Марадона выдае геніяльны пас, і Буручага забівае пераможны гол.

1. Францыя – Нямеччына 3:3 у дадатковы час

Паўфінал 1982 году. Асноўны час – 1:1. Пэнальці выйграюць немцы. Што можна новага сказаць пра гэты матч, пра які столькі ўжо напісана? Бязьлітасны прыём нямецкага брамніка Шумахэра, за які, паводле цяперашніх правілаў, яго абавязкова выдалілі б. 3:1 на карысьць французаў за 10 хвілінаў да канца дадатковага часу, выходзіць траўмаваны Румэніге і, ледзь не кульгаючы, забівае – 3:2. Празь некалькі хвілінаў нерэальны гол Мюлера нажніцамі ў палёце празь сябе – 3:3. Ну, а пэнальці, як вы ўжо ведаеце, немцы не прайграюць. У французаў нават не было жаданьня змагацца за трэцяе месца, зрэшты, і немцы пасьля такога паўфіналу не знайшлі сілаў на галоўны матч, пакорліва прайграўшы італьянцам фінал 3:1.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?