У Брэсцкай вобласці за адзін дзень — 29 чэрвеня — былі выяўлены целы шасці патанулых.
Як паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама, цела 14‑гадовага школьніка з Мурманска было знойдзена ў рацэ Пульва недалёка ад вёскі Ставы Камянецкага раёна, 37‑гадовага жыхара Мікашэвічаў (Лунінецкі раён) — у вадаёме, што ў рысе горада. Абодва яны патанулі падчас купання 27 чэрвеня.
Васемнаццацігадовая дзяўчына патанула ў Кобрыне ў рацэ Стары Мухавец, 22‑гадовы жыхар Баранавічаў — у возеры Гаць Баранавіцкага раёна.
Акрамя таго, у Прыпяці побач з вёскай Запроссе Лунінецкага раёна знайшлі двух жыхароў Салігорска, якім было 42 і 41 год. Яны патанулі 28 чэрвеня падчас рыбалкі, калі іх гумавая лодка перакулілася.
Праверку па ўсіх гэтых фактах праводзяць пракуратуры раёнаў.
Усяго ў Брэсцкай вобласці з пачатку 2009 года ахвярамі вады сталі 67 чалавек, з іх 11 — непаўналетнія.