За мінулыя выхадныя ў Беларусі адбылося 56 ДТЗ, у якіх 11 чалавек загінулі і 63 — атрымалі раненні. Пра гэта паведамляе ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі МУС.
Так, 18 ліпеня ў Чэрыкаўскім раёне аўтамабіль «Фальксваген», якім кіраваў 55‑гадовы жыхар Гомеля, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем «Рэно» і перакуліўся на праезнай частцы. Вадзіцель «Фальксвагена» загінуў.
19 ліпеня непадалёк ад Наваполацка «БМВ», якім кіраваў 43‑гадовы вадзіцель, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтамабілем «Аўдзі». У выніку аварыі на месцы здарэння загінула жонка вадзіцеля «Аўдзі», сам вадзіцель памёр па дарозе ў бальніцу.
Аналагічнае ДТЗ адбылося 19 ліпеня каля вёскі Сульжыцы Валожынскага раёна: аўтамабіль «Опель», якім кіраваў 33‑гадовы вадзіцель, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з «Фальксвагенам». У выніку ДТЗ вадзіцель «Опеля» загінуў, а яго пасажыры — жонка, 25‑гадовы сын і 25‑гадовы мужчына — былі дастаўлены ў бальніцу.
Паводле звестак Дзяржаўтаінспекцыі, за шэсць месяцаў 2009 года ўчынены 243 лабавыя сутыкненні, што на 3,4% больш, чым за аналагічны перыяд 2008 года.