Палітыка малдаўскіх камуністаў доўгі час нагадвала палітыку цяперашняга Лукашэнкі — паміж Усходам і Захадам, паміж Еўразвязам і Расіяй, паміж уяўнай лібералізацыяй і закручваннем шрубоў. Піша Віталь Тарас.

Датэрміновыя парламенцкія выбары ў Малдове скончыліся нечакана. Кіроўная Партыя камуністаў Рэспублікі Малдова (ПКРМ) набрала найбольш галасоў — 45 %. Але ў парламенце, дзе яна дагэтуль мела адносную большасць, ПКРМ атрымлівае цяпер толькі 48 месцаў са 101.

Чатыры апазіцыйныя партыі, разам узятыя, могуць разлічваць на большасць у 53 галасы. Для абрання новага прэзідэнта патрэбны 61 голас. Сітуацыя выглядае тупіковай.

Некаторыя журналісты нават жартам назвалі апошнія падзеі «бясколернай рэвалюцыяй». Тым не менш, выглядае, што Малдову — адзіную сярод былых савецкіх рэспублік, дзе захоўвалася ўлада камуністаў, чакаюць перамены.

«Малдова з’явілася на мапе свету»

Чаму вынік парламенцкіх выбараў можна лічыць перамогай дэмакратычнай апазіцыі? Менавіта таму, што камуністы , як і раней, трымалі пад кантролем галоўны СМІ краіны. Выкарыстоўваўся і адміністрацыйны рэсурс, што падчас выбараў даваў магчымасць махінацый са спісамі выбарцаў.
Малдаване, якія працуюць за мяжой, а такіх сотні тысяч, не мелі права голасу. Акрамя таго, супраць апазіцыі працавала прапагандысцкая карта камуністаў — яны абвінавачвалі дэмакратычныя партыі ў арганізацыі масавых закалотаў у Кішыневе пасля заканчэння папярэдніх парламенцкіх выбараў сёлета ў красавіку.

Журналістка Наталля Марар ( нагадаем, увесну паліцыя змясціла яе пад хатні арышт за арганізацыю пратэстаў) піша ў расійскім часопісе «New Times»: «кампанія датэрміновых выбараў была самай бруднай і жорсткай за ўсю гісторыю малдоўскіх выбараў. За ёй сачылі ўсе, можна нават сказаць, што пасля красавіцкіх падзеяў Малдова з’явілася на мапе свету». Карэспандэнтка часопіса ўпэўнена, што калі апазіцыйным партыям удасца сфармаваць кааліцыю і абраць спікера, яны змогуць кантраляваць сітуацыю да наступных датэрміновых выбараў, якія могуць адбыцца ўжо ў наступным годзе. На думку Марар, гэта значыць, што палітычная гісторыя Малдовы выходзіць на новы ўзровень. А самае галоўнае, выбарцы ўжо цяпер змаглі перканацца, што такія словы як прынцыповасць і шчырасць у палітыцы — не пусты гук.

Фактар Лупу

Усе аглядальнікі сыходзяцца на тым, што цяпер вельмі шмат залежыць ад новага лідэра Дэмакратычнай партыі Марыяна Лупу, які яшчэ да нядаўняга часу быў адным з лідэраў камуністаў. Тое, што на выбарах Дэмпартыя набрала ажно 13 працэнтаў галасоў і стала, бадай, галоўнай пвалітычнай сенсацыяй. Адразу пасля папярэдняга падліку вынікаў выбараў Лупу заявіў, што ні пры якіх умовах не пойдзе на кааліцыю з былымі паплечнікамі. Аб тым жа заявіў і лідэр Ліберал-дэмакратычнай партыі Ўлад Філат. Яго партыя прыйшла да фінішу другой, набраўшы 17 % галасоў. У Ліберальнай партыі — 15.

У альянсу «Наша Малдова» Серафіма Урэкяна, былога прымара (мэра) Кішынёва — 8 працэнтаў. Усе тры гэтыя сілы выступаюць за еўраінтэграцыю і арыентуюцца на Румынію.

Былога міністра эканомікі, былога спікера парламента Малдовы Марыяна Лупу называюць «еўракамуністам». Між тым, большасць аглядальнікаў лічыць, што ён звычайны прагматык. Прабыўшы ў КПРМ крыху больш як паўгода і адчуўшы, што яе лідэр Уладзімір Варонін ды і сама партыя не маюць палітычнай перспектывы, Лупу заявіў, што яго погляды разыходзяца з поглядамі яе кіраўніцтва.
Для многіх у Малдове выхад гэтага палітыка з КПРМ стаў меншай нечаканасцю, чым у свой час яго ўступленне ў яе.

Феномен Вароніна

Адрозна ад свайго нядаўняга малодшага паплечніка Лупу, цяперашні 68-і гадовы прэзідэнт Варонін — камуніст старой загартоўкі. Пачынаў ён загадчыкам пякарні ў Кішынёве. Скончыў Кішынёўскі кааператыўны тэхнікум, потым (завочна) Усесаюзны інстытут харчовай прамысловасці, потым Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС і ўжо ў 1989-м — Акадэмію МУС СССР. З 1983-га працаваў у апараце ЦК Кампартыі Малдаўскай ССР, быў першым сакратаром Бендэрскага райкама партыі, у 1989 прызначаны міністрам унутраных спраў МССР. З гэтай пасады звольніўся прыканцы 1991-га.

Упершыню Варонін узяў удзел у прэзідэнцкіх выбарах у 1996 годзе, на якіх заняў трэцяе месца ўслед за Пятром Лучынскім і тагачасным прэзідэнтам Малдовы Мірча Снегурам. У 2000-м Варонін стаў ініцыятарам канстытуцыйнай рэформы, згодна з якой у Малдове была ўведзена парламенцкая форма праўлення. У 2001 годзе ён быў абраны прэзідэнтам у парламенце. (Пераабраны на другі і апошні тэрмін у 2005-м).

Падчас першай выбарчай кампаніі ён абяцаў, што ў выпадку перамогі камуністаў на выбарах Малдова ўступіць у Саюз Беларусі і Расіі і абвесціць расійскую мову другой дзяржаўнай. Пасля выбараў Варонін заявіў, што пытанне з расійскай мовай трэба вырашаць на реферэндуме, прытым у далёкай перспектыве. Прэзідэнт Малдовы не аднойчы заяўляў, што асноўная задача яго палітыкі — еўраінтэграцыя, канчатковай мэтай якой ёсць уступленне ў ЕС. Пры гэтым ён заўсёды займаў жорсткую пазіцыю да самаабвешчанай Прыднястроўскай малдаўскай рэспублікі. Разам з тым,

«празаходні» курс Вароніна спалучаўся з адсутнасцю дэмакратычных рэформаў у самой Малдове.

Палітыка малдаўскіх камуністаў доўгі час нагадвала палітыку цяперашняга Лукашэнкі — паміж Усходам і Захадам, паміж Еўразвязам і Расіяй, паміж уяўнай лібералізацыяй і закручваннем шрубоў.

Пратэст студэнцкай моладзі ў Кішынёве ў красавіку і спроба камуністаў абвінаваціць ва ўсім суседнюю Румынію, а таксама «нацыяналістычную апазіцыю» засведчыў банкруцтва такой палітыкі. Моладзь ясна паказала, што ўладай камуністаў улучна з Вароніным яна сытая па горла.

Пакт і пат

Свайго роду лакмусавай паперкай для постсавецкіх камуністаў — пры чым не толькі ў Малдове, зразумела — стала рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі АБСЕ з асуджэннем нацызму і сталінізму. Рэзалюцыя сама па сабе не зусім паслядоўная, бо насамрэч, павінна была б ісці размова пра асуджэнне злачынстваў камунізму і нацызму. Сталінізм жа, пры самай жорсткай ацэнцы асобы Сталіна, ёсць толькі прыватным вынікам камунісітычнай ідэалогіі. Але ж камуністы ва ўсіх краінах СНД практычна салідарызаваліся з пазіцыяй Крамля, які рэзка адпрэчыў рэзалюцыю ПА АБСЕ. Напрыклад, лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, заявіў, што рэзалюцыя «ставіць на адну дошку тых, хто змагаўся з фашызмам, і тых, хто змагаўся супраць». На яго думку, гэта «крыўдзіць шматлікіх людзей, якія змагаліся з фашызмам». Пра пачуцці нашчадкаў мільёнаў людзей, у тым ліку беларусаў, якія сталі ахвярамі ГУЛАГу і Курапатаў, Калякін чамусьці нічога не сказаў. Не знайшлося ў яго словаў і для адзназначнага асуджэння сталінскіх злачынстваў.

Рэзалюцыя ПА АБСЕ, якая абвясціла 23 жніўня Днём памяці ахвяраў нацызму і сталінізму, непасрэдна тычыцца лёсу Малдовы. Як вядома, частка Бесарабіі, якая ўваходзіла да вайны ў склад Румыніі, паводле Пакту Молатава-Рыбентропа была далучана да Савецкага Саюзу і пазней абвешчана Малдаўскай ССР.

КПРМ вельмі нервова адрэагавала на нядаўнія заявы прэзідэнта Румыніі Траяна Бэсэску аб тым, што пакт ставіць пад сумнеў і цяперашні дзяржаўны статус Малдовы. Між тым, у Дэкларацыі незалежнасці Рэспублікі Малдова, прынятай у снежні 1991, проста гаворыцца аб тым, што стварэнне Малдаўскай ССР, як і сам пакт, не маюць юрыдычнай сілы.

Без усведамлення гістарычнай праўды, без засваення навучкі мінулага, суверэнная дзяржава не можа рухацца наперад, да еўрапейскай інтэграцыі.
Вялікая частка электарата Малдовы, магчыма, гэта разумее, галасуючы супраць камуністаў. Ну, а цяперашняя патавая сітуацыя ў парламенце — з’ява часовая.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?