Тэрміны збору ягад журавін і брусніц устаноўлены ў рэгіёнах Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс‑службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Так, у Брэсцкай вобласці брусніцы дазволена збіраць з 10 жніўня, а журавіны — з 5 верасня. У Гродзенскай вобласці брусніцы можна збіраць з 15 жніўня, журавіны — з 15 верасня. У Мінскай вобласці ў лес па брусніцы можна накіроўвацца з 17 жніўня, а па журавіны з 14 верасня. У Віцебскай вобласці брусніцы дазволена збіраць з 22 жніўня, журавіны — з 12 верасня. У Гомельскай вобласці па брусніцы можна адпраўляцца з 25 жніўня, журавіны — 10 верасня. У Магілёўскай вобласці збор брусніц пачнецца з 28 жніўня, журавін — з 11 верасня.
Тэрміны збору дзікарослых ягад устанаўліваюцца абласнымі выканаўчымі камітэтамі штогод. Гэта робіцца ў мэтах захавання, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў расліннага свету, недапушчэння змяншэння і дэградацыі ягаднікаў, атрымання спелай і якаснай прадукцыі лесу. У асобных раёнах раённымі выканаўчымі камітэтамі могуць быць прыняты рашэнні аб устанаўленні больш позніх тэрмінаў пачатку збору дзікарослых ягад, таму больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у гаррайінспекцыях прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У Мінпрыроды нагадалі, што ў адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў,
прымяненне забароненых сродкаў або метадаў збору дзікарослых раслін вядзе да папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь,на індывідуальнага прадпрымальніка да 100 базавых велічынь, на юрыдычную асобу да 500 базавых велічынь. (Цяпер 1 базавая велічыня складае Br35 тыс.).