Складанка‑прысвячэнне ад беларускіх выканаўцаў. Задума ўшаноўваць такім чынам тых, чые творы з невялікай ахвотай вяртаюцца сёння з забыцця — супергодная.

Дагэтуль не менш удалымі былі музычныя праекты з гэтай жа серыі на вершы Геніюш і Новіка‑Пеюна. Усе яны характарызуюцца рознастылёвасцю — па каліўцу з кожнага кірунку. Паэзію Арсенневай спяваюць бард Таня Беланогая, адэпты электра‑попу Zigzag, салістка дзяржаўнай філармоніі Таццяна Матафонава, хард‑рокеры з «In search for»… Не стае хіба эстраднай прадстаўнічасці. Во каб Шаркунова што‑небудзь з Арсенневай заспявала!

Падкупляе лёгкая па настроі, простая па аранжыроўцы і па‑добраму наіўная «Я ішла» ад Алесі Унукоўскай. Музычны антыпод ёй — цяжкая, як сон у душную летнюю ноч, песня на той жа верш ад гурта «Ростра» з вельмі доўгім і прыгожым адступленнем у стылі французскай «Air». Самая ж галоўная музычная прыемнасць — «Храм незямны» ад «Голай манашкі». Як і ў выпадку з «Павязаным» на верш Новіка‑Пеюна, Федзя зліўся з чужым тэкстам і зрабіў яго сваім. Таго не скажаш пра адзіную правальную песню з дыска — «Шчасце» Уладзіміра Зайчанкі, запісаную ў найгоршых традыцыях ВІА 1980‑х

Хацелася б працягу праекта — на вершы Жылкі, Сыса, Кляшторнага, ды і спевы на Караткевіча ды Багдановіча з Купалам варта ўпарадкаваць урэшце.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0