Дзесяцікласнік Валянцін Станкевіч выступіў у дзвюх намінацыях: «вакальная творчасць» і «інструментальная творчасць». Ён іграе і на фартэпіяна, і на скрыпцы, і на баяне.

 Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Валянцін Станкевіч выканаў на фартэпіяна твор Іосіфа Гайдна «Саната-партыта», якое адпавядае ўзроўню 5 класа музычнай школы для звычайных дзяцей. Валянцін таксама стаў дыпламантам фэсту як вакаліст.

Валянцін — старэйшы з чатырох хлопчыкаў у сваёй сям'і. Ён нарадзіўся сляпым, але з надзвычайным талентам. У школе ў дзіцяці выявілі абсалютны слых, а таксама вельмі добрую памяць. Каб мець магчымасць «чытаць» творы, ён асвоіў нотны брайль. А цяпер юнак вучыць музыку па начытаных на дыктафон нотных запісах.

Для Валянціна фартэпіяна — другі інструмент. «У шэсць гадоў ён пачаў вучыцца гуляць на фартэпіяна, — распавядае Алена Пракопчык. — Але каб сляпому таленавітаму дзіцяці стаць выканаўцам-віртуозам, лепш за ўсё пасуюць скрыпка і баян. І мы пераарыентоўвалі Валянціна на баян. Першым настаўнікам яго стаў вядомы сляпы паэт і музыка Віктар Кудлачоў. Цяпер з ім займаецца выкладчыца Гродзенскай музычнай вучэльні і Акадэміі музыкі Святлана Кедук».

Юны музыка грае на прафесійным пяцірадным баяне, прычым у ягоным рэпертуары — паўтарагадзінная праграма з твораў узроўню складанасці музычнай вучэльні. Акрамя баяна, Валянцін іграе на трубе, выступае з духавым аркестрам школы. Юнак таксама піша вершы на беларускай, расейскай і польскай мовах. Ужо ўвосень плануецца яго ўдзел у міжнародным творчым конкурсе ў Любліне.

Першы міжнародны фэст народнай творчасці для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі здароўя праходзіў з 19 па 23 жніўня ў Маскоўскім сацыяльна-гуманітарным інстытуце. У ім узялі ўдзел каля 320 талентаў у веку ад 14 да 30 гадоў. Акрамя Валянціна Станкевіча яшчэ трое гродзенскіх дзяцей сталі дыпламантамі фэсту: дзесяцікласніца школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Вікторыя Глінская ў намінацыі «мяккая цацка», а таксама дзевяцікласніцы са школы для дзяцей з парушэннямі слыху Аміля Шрэйдэр з працай з пацерак і Ксеня Саліхава з жэставай песняй.

Тацяна Вішнеўская БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0