Спачатку Расія атрымала магчымасць уводзіць войскі па патрэбе. Пасля — права размяшчаць іх пастаянна. Каб нарэшце паралізаваць дзяржапарат Рэчы Паспалітай.

Дэсант 6000 расійскіх вайскоўцаў на вучэнні ў Беларусь выклікаў увагу і часам пратэсты. Ён прыцягнуў увагу да вайсковых адносінаў з Расіяй — суседам, які 200 гадоў акупаваў Беларусь.

Расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі пачалася даўно. Яна мае сваю гісторыю і шэраг прычын. Мы пагутарылі на гэтую тэму з гісторыкам Яўгенам Анішчанкам.

«НН»: Спадар Яўген, з якога часу можна гаварыць аб пачатку прысутнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі?

ЯА: Перыядычна расійскія вайскоўцы пачалі з’яўляцца на беларускіх землях яшчэ ў часе так званага «Вялікага патопу» – войнаў ВКЛ з Масквой у XVII ст. Жаўнеры найбольш займаліся звычайным рабаваннем, здабываючы сабе прадукты.

Пачаткам юрыдычна аформленай расійскай прысутнасці можна лічыць 1717 год, калі адбыўся так званы «Нямы сейм», дзе Пятро І атрымаў дазвол на часовы ўвод сваіх войскаў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай у выпадку ваеннай небяспекі для Расійскай Імперыі. Натуральна, што далёка не ўсім тое падабалася, аднак унутраныя спрэчкі паміж магнацкімі родамі Рэчы Паспалітай дазвалялі Расіі ўмешвацца ў справы краіны.

«НН»: А пачынаючы з якога часу расійскія войскі стала знаходзіліся на нашых землях?

ЯА: Ад 1768 года. Незадоўга перад першым падзелам Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына ІІ змагла знайсці падтрымку ў магнацкага роду Чартарыйскіх, з дапамогай якіх быў атрыманы легальны статус для расійскіх вайсковых адзінак.

«НН»: Чаму вайсковая прысутнасць на беларускіх землях мела такое вялікае значэнне для Масквы? Якімі былі прычыны гэтай зацікаўленасці?

ЯА: Расійскія войскі на беларускіх землях з’явіліся па розных палітычных прычынах. Сярод іх асаблівае месца займала жаданне Расіі ўдзельнічаць у еўрапейскіх справах, займаць значнае месца на міжнароднай еўрапейскай арэне. Еўропа заўсёды падазрона ставілася да Расіі і не жадала дапускаць яе да сваіх спраў. Легальна трымаючы свае войскі на тэрыторыі еўрапейскай краіны, якой у той час з’яўлялася Рэч Паспалітая, Расійская Імперыя магла павялічыць свой уплыў на еўрапейскую палітыку.

«НН»: Што адбывалася з расійскімі войскамі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай? Якую ролю яны адыгрывалі на беларускіх тэрыторыях?

ЯА: Пасля падзелаў расійскія войскі пастаянна знаходзіліся тут. Месцамі іх дыслакацыі былі павятовыя і губернcкія цэнтры – Кобрын, Ліда, Ваўкавыск і іншыя. Пазней, з мэтай ізаляцыі расійскіх вайскоўцаў ад мясцовага насельніцтва, ад ягонага ўплыву, былі пабудаваныя вялікія гарнізоны, з лазарэтамі і іншай інфраструктурай: у Бабруйску, Дзвінску, іншых месцах. Войска было апорай расійскай адміністрацыі на землях Рэчы Паспалітай. Першымі чыноўнікамі былі менавіта расійскія вайскоўцы.

«НН»: Ці існавала розніца ў паводзінах расійскіх вайскоўцаў у Беларусі і ў глыбіні Расійскай Імперыі?

ЯА: Можна сказаць, што стаўленне да насельніцтва акупаваных беларускіх зямель было больш лагодным, чым у Расіі – расійская адміністрацыя ўлічвала той факт, што стаўленне да яе з боку карэннага насельніцтва было насцярожаным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?