Мінскае «Дынама» стартавала з паразы ў другім сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі. Падапечныя Глена Хэнлана прайгралі 12 верасня ў Санкт-Пецярбургу мясцоваму СКА з лікам 0:2.

Шайбы закінулі Петэр Чаянек (37.43, у большасці) ды Максім Сушынскі (59.48, у пустыя вароты).

Наступныя тры матчы «Дынама» правядзе ў Мінску (будзе гуляць у Палацы спорту).

У панядзелак, 14 верасня, гульня з «Салават Юлаевым» (Уфа), у сераду – з «Авангардам» (Омск), у пятніцу – з «Барысам» (Астана, Казахстан). Пачатак матчаў а 19-й.

***

Як і год таму, удзел у турніры КХЛ бяруць 24 каманды: 21 расійская, а таксама мінскае рыжскае «Дынама» ды казахстанскі «Барыс».

Каманды разбітыя на дзве канферэнцыі – «Захад» ды «Усход», кожная з канферэнцый – на два дывізіёны.

Мінчукі трапілі ў Дывізіён Усевалада Баброва разам з тры маскоўскімі клубамі, «Дынама», «Спартаком» і ЦСКА, рыжскім «Дынама» і пецярбуржскім СКА.

Згодна з рэгламентам, у рэгулярным чэмпіянаце кожны клуб правядзе па чатыры сустрэчы (дзве дома, дзве ў гасцях – усяго 20) з прадстаўнікамі свайго дывізіёна і па два матчы (адзін дома, адзін у гасцях) з камандамі трох астатніх дывізіёнаў (36). На папярэднім этапе кожны клуб такім чынам згуляе 56 гульняў.

Рэгулярны чэмпіянат скончыцца 7 сакавіка, потым – плей-оф.

Каб трапіць у плей-оф трэба заняць у сваёй канферэнцыі месца не ніжэй за восьмае.

Мінскае «Дынама» сёлета складзенае на палову з легіянераў: 13 беларусаў, 13 замежнікаў. Найбольшае прадстаўніцтва ў фінаў – 5 чалавек (у тым ліку і капітан Віле Пелтанен), 3 канадцы, два шведы, па адным чэху, расіяніну і латышу.

Год таму мінскае «Дынама» заняла 22-е месца. Сёлета пастаўлена задача трапіць не толькі ў плей-оф, але ў 1/4 фіналу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?