У Мінску адбылася сустрэча патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, паведаміў прэс-сакратар Беларускай рымска-каталіцкай царквы ксёндз Аляксандр Амяльчэня.
Паводле яго слоў, размова адбылася вечарам 25 верасня падчас сустрэчы патрыярха Кірыла з грамадскасцю ў Палацы Рэспублікі, у якой браў удзел і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
«Патрыярх і мітрапаліт прывіталі адзін аднаго, пасля чаго паміж імі адбылася прыватная размова.
Іерархі сустрэліся як старыя знаёмыя, якія добра ведаюць адзін аднаго. Мітрапаліт падкрэсліў добрыя адносіны і плённае супрацоўніцтва, што склаліся паміж Беларускай рымска-каталіцкай царквой і Беларускім экзархатам Расейскай праваслаўнай царквы, і пажадаў патрыярху Божай дапамогі ў яго служэнні», — адзначыў ксёндз Аляксандр.
Ён таксама паведаміў, што мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся са старшынёй аддзела замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату архіепіскапам Валакаламскім Іларыёнам.
«Іерархі адзначылі станоўчыя вынікі сустрэч патрыярха з моладдзю і выказалі радасць, што падобная сустрэча адбудзецца таксама ў Віцебску. Яны закранулі тэму візіту архіепіскапа Іларыёна ў Ватыкан, які адбыўся на мінулым тыдні, і яго сустрэчы з папам рымскім Бенедыктам XVI, дзяржсакратаром пантыфіка кардыналам Тарчызіо Бертоне і кардыналам Вальтэрам Касперам. Мітрапаліт Кандрусевіч і архіепіскап Іларыён падкрэслілі вялікае значэнне такіх сустрэч і іх спрыянне каталіцка-праваслаўнаму дыялогу», — паведаміў ксёндз Аляксандр.