Кампанія «Нафтагаз Украіны» 30 верасьня не змагла выплаціць 500 мільёнаў даляраў па сваіх эўрааблігацыях.
Аднак кампанія не абвясьціла дэфолт, а працягвае перамовы наконт рэструктурызацыі сваіх даўгоў буйнейшым эўрапейскім банкам на тэрмін да 2014 года. Кампанія прапанавала інвэстарам нават больш выгадныя ўмовы — вышэйшую стаўку і дзяржаўныя гарантыі.
Рашэньне па гэтай прапанове мае быць ухваленае 19 кастрычніка ў Лёндане на паседжаньні трымальнікаў аблігацыяў «Нафтагазу».
Калі прапанова аб рэструктурызацыі будзе адхіленая, перад «Нафтагазам» паўстане пагроза дэфолту.
«Нафтагаз Украіны» забясьпечвае пастаўкі нафты і газу ва Ўкраіну і іх транзыт у Эўропу. Мінулай зімой з‑за спрэчак Украіны і Расеі вялікая частка Эўропы некалькі дзён заставалася без газу.
0
0
0
0
0
0