15 кастрычніка ў галерэі касцёла Св. Сымона і Св. Алены адкрылася фотавыстава Валерыя Вядрэнкі «Апосталы Гервят».

На выставе прадстаўлены плён двухгадовай працы з матэрыялам фатаграфавання касцёла Св. Троіцы у в. Гервяты Астравецкага раёна. Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак. У першай аўтар знаёміць гледача з мясцовасцю, касцёлам і яго інтэр’ерам. Другая частка выставы прадстаўляе фотапластычную кампазіцыю на тэму вобразаў Евангелля.

На адным з фотаздымкаў — снег падае з даху касцёла. За маёй спінай два маладыя чалавекі горача абмяркоўвалі гэтую працу. «Не можа снег такімі роўнымі пластамі злятаць! Гэта фотамантаж», — казаў адзін. «Можа, хіба ты не бачыў, як снег з даху падае?!», — даказваў другі.

Насамрэч гэта не мантаж, як распавёў сам Валерый Вядрэнка. Аднойчы ён доўга стаяў на холадзе і чакаў моманту, калі снег паляціць з даху. І ўжо расчараваўся ды вырашыў сыходзіць. Але, зрабіўшы некалькі крокаў, павярнуўся зноў да касцёла. Падняў фотаапарат і зазняў доўгачаканы момант падзення снегу.

З узнікненнем лічбавых тэхналогій сп. Вядрэнка пачаў займацца мантажнымі фотаздымкамі. Але гэта не перашкаджае яму працаваць і ў галіне традыцыйнай фатаграфіі.

Выстава Валерыя Вядрэнкі арганізавана пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. Прыемна было на адкрыцці чуць беларускую мову з вуснаў дырэктара гэтай установы Пятра Казакевіча.

Паглядзець на «Апосталаў Гервят» можна да 15 лістапада.

КМ, фота Валерыя Вядрэнкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0