Ляксей Папоў
МАЯ РОЛЯ
Мне гэтай ролі не забыць,
Такі мой лёс, такі мой боль —
Ісьці за праўдай у агонь,
Ісьці па сьвет... ды цемрай жыць.
Такіх мільёны нас ідзе —
Усе па лепшы лёс у ноч,
Усе па смагу ў моцны дождж.
Бязьлітасна натоўп бяжыць,
Абцасы жудасна гучаць,
Бягуць усе сябе хаваць
...А костка пад нагой хрусьціць.
Такая роля у мяне —
Бегчы ад іх... ды ад сябе.
❏
Анатоль Трафімчык
З ВАСІЛЯ СІМАНЕНКІ
* * *
Я не памру ад роспачнае скрухі,
Адно самотнай ноччу па вясьне
Прысьню: твае абдымуць рукі
І сіні, ясны погляд ахіне.
Ты будзеш побач кожнае імгненьне,
Ты застанесься ў яве, а ня ў сьне.
Зацьміш вачыма зорачак зіхценьне,
Паліцьмеш жарсьцю прагнаю мяне.
І дзень за днём чакаю і такую,
І дзе б ні быў, усюды лёс малю
Сустрэць цябе — адзіную такую,
Пяшчотную дзяўчыначку маю.
❏
Сяржук Жыцень
лепш
піць са сваіх начовак
чымся з чужога
калодзежу
ды хадзіць ва ўласным рызьзі
чым у анучах
з сэканд хэнду
адно насіць
з сабою заўжды
не чужую але сваю
душу ды
глядзецца ў свае
старыя дзіравыя ад галоты
але
начышчаныя боты
і бачыць адлюстраваньне
ўласнай усьмешкі
адсутнасьць…
ад сутнасьці
пахне вадою
калі зазіраеш
за небакрай
шпацыруючы
адбіткамі сонечных косаў
лябірынтамі
ненароджаных
думак
бяздоньне…
думаць пасьля
сутоньня
зоры ў вочы
вочы ў зоры
шляхам ісьці
малочным
ці ехаць возам
малым вялікім
за Сонцам
за Ліхам
❏
Юзік Дзенісюк
МАРЫ БАМЖА
Сяджу ў закутку,
Саплямі граю.
Ў чужым абутку
З чужога краю.
Ў чужой адзежы
З таннага шопу.
Чужая ежа…
Віват, Эўропа!
Сваю хаціну
Заклаў у банку
І, як дзяўчыну,
Спадобіў шклянку.
Прапіў ўсе грошы
І хату страціў.
Пасу я вошы
У цеплатрасе.
І там, дзе сьметнік,
Дзе ёсьць шклатара,
Парою летняй —
Мае Канары.
Зімой дык горшай —
Сьнег замятае.
Мне як бы ў Польшчу,
А там… ў Ізраіль.
Людцы там кемяць
Ў кашэрным мясе
І пасьвяць kemel
Ня ў цеплатрасе.
Там і зімою
Рунее траўка.
Лыгнуў напою —
Ляжы, ня гаўкай.
Ну а шклатары
Ад «белабрысай»
Ля шопаў, бараў —
Хоць заваліся.
Ой, мары-мары —
Хоць цешаць старасьць,
Ды ні паўкроку
Да той Эўропы!
❏
Віталь Рыжкоў
СПРАВАЗДАЧА ПА РОСПАЧЫ
Мне сумна.
Шпурнутая ў сьпіну сьнежка — мэтафара сумы
атрыманых ведаў у барацьбе са звыкласьцю:
зьмяшалася ўсё ў адну біблейскую суну,
зьліплася…
Зьліліся
разуменьні сэнсаў існаваньня ды існасьці —
вось так перастанем
адрозьніваць з часам
адценьні.
І ня ў вочы будзем глядзець,
а крывавіць: «Зьлітуйся!» —
і не чалавеку,
а — ценю.
Па адзеньні,
як павялося, мяне сустрэнуць,
праводзяць па розуме:
нехта прыме маё, нехта скрывіць сківіцы…
Мы ўсе пражываем жыцьцё па-рознаму:
бог глядзіць на нас —
толькі дзівіцца.