Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Беларускай партыі працоўных (БПП), гаворыцца ў паведамленні, размешчаным 20 кастрычніка на сайце міністэрства.

Як адзначаецца ў паведамленні, Мін’юст вывучыў дакументы аб дзяржаўнай рэгістрацыі БПП на іх адпаведнасць дзеючаму заканадаўству, а таксама на прадмет выканання парадку стварэння палітычнай партыі.

У ходзе вывучэння спісу заснавальнікаў БПП і іншых дакументаў, якія тычацца стварэння гэтай партыі,

Мінюст устанавіў, што «фактычная колькасць заснавальнікаў меншая за мінімальна дапушчальную колькасць, неабходную для стварэння палітычнай партыі».

Для праверкі дакладнасці прадстаўленых матэрыялаў міністэрства запытала ў Савета БПП пратакол аргкамітэта па скліканні ўстаноўчага з’езда і іншыя дакументы, якія непасрэдна тычацца склікання і правядзення ўстаноўчага з’езда. Аднак, гаворыцца ў паведамленні, Савет БПП адказаў адмовай і матываваў гэта тым, што парадак вылучэння дэлегатаў на з’езд правераны мандатнай камісіяй. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі БПП і дадзены дадатковы тэрмін для выканання патрабаванняў.

Названыя ў рашэнні аб адтэрміноўцы рэгістрацыі патрабаванні выкананы не былі, адзначаюць у Мін’юсце.

Міністэрствам устаноўлена, што спіс заснавальнікаў БПП утрымлівае звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, выяўлены таксама «шматлікія парушэнні пры вылучэнні дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд». «Так, многія з названых у спісе заснавальнікаў БПП асоб у сходах па вылучэнні дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд, як і ў працы самога з’езда, удзелу не бралі, аб часе і месцы правядзення гэтых сходаў ім не паведамлялася, у сувязі з чым названыя асобы не могуць быць прызнаныя заснавальнікамі БПП. Гэта таксама сведчыць аб тым, што мандатнай камісіяй, якая працавала на з’ездзе, паўнамоцтвы дэлегатаў з’езда належным чынам не правяраліся», — гаворыцца ў паведамленні.

Устаноўчы з’езд Беларускай партыі працоўных прайшоў 26 ліпеня 2009 года ў Мінску, удзел у ім узялі 65 дэлегатаў з усіх абласцей Беларусі. Аргкамітэт па стварэнні БПП узначальвае Аляксандр Бухвостаў. Партыя ствараецца на аснове ліквідаванай у 2004 годзе Беларускай партыі працы.

Беларуская партыя працы была створана ў 1993 годзе. Да моманту ліквідацыі яе ўзначальваў, за выключэннем некалькіх гадоў, Бухвостаў. Партыя была ліквідавана 3 жніўня 2004 года на падставе рашэння Вярхоўнага суда, які задаволіў іск Міністэрства юстыцыі. Мін’юст абвінаваціў партыю ў сістэматычным парушэнні Грамадзянскага кодэкса, закона аб палітычных партыях і ўласнага статута. Бухвостаў лічыць, што партыя была ліквідавана «паводле палітычнай замовы ўладаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?