Беларуская хрысціянская дэмакратыя на сваім устаноўчым з’ездзе вырашыла, што партыя будзе прымаць удзел у мясцовых і прэзідэнцкіх выбарах. У рэйтынгавым галасаванні Віталь Рымашэўскі перагнаў Аляксандра Мілінкевіча.

Дубль два быў не менш урачыстым, чым першая спроба.

Дубль два быў не менш урачыстым, чым першая спроба.

Толькі дэлегатаў гэтым разам сабралі меней — дарагая радасць.

Толькі дэлегатаў гэтым разам сабралі меней — дарагая радасць.

Лідэры БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі.

Лідэры БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі.

Кіраўніцтва ДК МТЗ забараняе здымаць афіцыйны сцяг са сцэны.

Кіраўніцтва ДК МТЗ забараняе здымаць афіцыйны сцяг са сцэны.

Хадэкі вырашылі ўдзельнічаць і ў мясцовых, і прэзідэнцкіх выбарах.

Хадэкі вырашылі ўдзельнічаць і ў мясцовых, і прэзідэнцкіх выбарах.

Пасля першай адмовы ў рэгістрацыі хрысціянскія дэмакраты думалі, ці варта праводзіць яшчэ адзін устаноўчы з’езд. Мерапрыемства не самае таннае, а тое, што зарэгіструюць, то невядома. Вырашылі трэба паспрабаваць усё ж.

Месцам збору, як і ў лютым, стаў Палац культуры Трактарнага заводу. Праўда, каб атрымаць гэтае памяшканне, давялося пагразіць правядзеннем з’езду на Кастрычніцкай плошчы. Чалавек дзесяць так і прыйшло на цэнтральны мінскі пляц, ад іх стала вядома, што на плошчы ў гэты дзень было шмат міліцыянтаў у цывільным.

На з’езд вольна акрэдытавалі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. «Мы адкрытыя для ўсіх», — сказаў на гэта П.Севярынец. Не пабаяліся новай антыагіткі ад тэлеканалаў.

Чым уражваюць з’езды БХД, дык гэта тым, што на іх бачыш абсалютна новых людзей, якія не з’яўляюцца сталымі наведвальнікамі іншых апазіцыйных мерапрыемстваў. Кіраўніцтву хадэкаў насамрэч удалося прывесці ў партыю незаангажаваных раней у палітыку.

Калі людзей пачалі запускаць у залу, то яны пабачылі два дзесяткі партыйных сцягоў, які луналі пад столлю. На экране быў бел‑чырвона‑белы сцяг з выявай Хрыста. Як потым высветлілася, такі прапаноўваюць гомельскія сябры арганізацыі. Гучала музыка. З калонак чулася «Армагедон, Армагедон» ў выкананні гурту «Тэзаўрус», а таксама «Ты і я за Свабоду».

Агулам на з’езд сабралася 311 дэлегатаў, а таксама 332 госці. Сярод гасцей былі новапрызначаная пасол Вялікабрытаніі Размары Томас, а таксама Венгрыі Ферэнц Контра. Былі дыпламаты і з іншых краін.

А вось прадстаўніцтва палітычных паплечнікаў на гэтым з’ездзе было нашмат меншым, чым на першым. Тады былі амаль усе галоўныя гульцы ў апазіцыйным лагеры — Мілінкевіч, Лябедзька, Статкевіч, Баршчэўскі, Казулін.

На пераз'езд прыйшлі толькі Станіслаў Шушкевіч і Аляксей Янукевіч. Мілінкевіча замяняў Віктар Карняенка. Затое прывітанне было перададзенае ад прэм’ер‑міністра Літвы Андруса Кубілюса і былога прэзідэнта гэтай краіны Вітаўтаса Ландсбергіса.

Галандскі сацыял‑дэмакрат расказваў, што ніяк не мог растлумачыць сваім калегам, як устаноўчы з’езд партыі можа быць паўторным. Былі вітанні ад польскага дэпутата Еўрапарламенту Яцка Пратасевіча і лідэра ХДС Германіі Рональда Пофалы.

У сваім выступе Павел Севярынец казаў аб тым, што трэба змагацца з карупцыяй. Ён паабяцаў, што аборты і самагубствы перастануць быць нормай, калі БХД прыйдзе да ўлады.

Сустаршыня БХД кобрынец Георгій Дзмітрук упершыню прамаўляў па‑беларуску. Ён гаварыў пра тое, што ва ўсіх суседніх краінах абвешчана барацьба з казіно і заламі гульнявых аўтаматаў, тады як у Беларусі, гэта толькі набірае абароты. Дзмітрук прыгадаў паспяховую кампанію БХД супраць акультызму, і заклікаў пачаць новую супраць казіно.

Ксёндз Юры Барок з Глыбокага назваў абсурдам словы, што хрысціянін не можа займацца палітыкай.
Менавіта Барок напачатку працы з’езда чытаў малітву «Ойча наш» з сцэны.

Было ў залі і колькі п’яных правакатараў, якія пасля гукання «Жыве Беларусь» крычалі «Жыве, маза‑фака». Хлопцы з аховы хутка іх павыкідалі з залі. Аховай, дарэчы, кіраваў былы палітвязень і «краёвец» Вадзім Кабанчук, які нядаўна вярнуўся з эміграцыі. Ягоная маці Таіса, да слова, узначальвае Магілёўскую абласную арганізацыю БХД.

Парадаваў публіку «маскоўскі гастарбайтэр» Кастусь Жукоўскі з Гомелю, які настойваў на вылучэнні Віталя Рымашэўскага канчатковым кандыдатам ад апазіцыі. «Цяпер лесу няма, дроту калючага няма, а мы свайго кандыдата вылучыць баімся», — казаў К.Жукоўскі.

Праграмныя дакументы партыі былі прынятыя амаль тыя ж, што і ў лютым. Сустаршыні таксама засталіся ранейшымі — Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Георгій Дзмітрук і Аляксей Шэін.

Найбольш прынцыповым было пытанне фармату ўдзелу БХД у выбарах. «Калі прымаем нешта, то выконваем абавязкова», — сказаў П.Севярынец.

У мясцовых удзельнічаем да канца, вырашылі дэлегаты. Хоць той жа Севярынец быў за тое, каб абвесціць пра ўдзел, але з канчатковым фарматам вызначыцца пазней.

Георгій Дзмітрук сказаў: «Калі мы палітыкі, то мы павінны ўдзельнічаць. Нікога не цікавяць, якія правілы гульні. Гэта, як футбалісты, яны выходзяць гуляць і ў кепскае надвор’е, і калі суддзя куплены, бо гэта іх праца».

За тое, каб удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах выказаліся амаль усе дэлегаты. Найбольш спрэчным было, ці ставіць на свайго кандыдата і не глядзець на іншых, ці ўсё ж удзельнічаць у агульных праймерыз, ці ўвогуле ўжо зараз зняць свайго Рымашэўскага.

Вырашылі кандыдата ад БХД пакінуць, але пазмагацца з іншымі. Хто акажацца мацнейшым, той і будзе ўдзельнічаць у выбарах. Севярынец сказаў, што адзіны будзе вызначаны тым, у каго акажацца самая вялікая ініцыятыўная група.
Наколькі нам вядома, Беларускі незалежніцкі блок яшчэ не вызначыўся, як будзе адбывацца працэдура вылучэння адзінага. А вось БХД за БНБ вырашыў.

Напрыканцы адбылося рэйтынгавае галасаванне, каго сябры БХД могуць падтрымаць на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Прычым галасаваць можна было за некалькіх кандыдатаў.

У выніку Віталь Рымашэўскі атрымаў 201 голас, Аляксандр Мілінкевіч — 131, Зянон Пазняк — 97, Аляксандр Казулін — 36, Лявон Баршчэўскі — 14, Мікола Статкевіч — 10, Алесь Міхалевіч — 10, Анатоль Лябедзька — 4, Аляксандр Лукашэнка — 3, Сяргей Калякін — 0.

Адзін дзядуля пасля гэтага галасавання крычаў: «Жанчынку трэба! Дзе Тэтчэр? Дзе Меркель? Няма жанчынкі. Толькі жанчынка нешта зможа змяніць».

А скончыўся з’езд, як і пачынаўся, малітвай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?