Мясцовыя ўлады пагражаюць ліквідацыяй майстэрні і руйнаваннем будынка, зробленага з бярвенняў старой царквы.

Мастак Юрый Мяккі пераехаў у вёску Славені Талачынскага раёна (Віцебcкая вобласць) з Мінска ў канцы 80‑х. У будынку майстэрні, у якой раней працаваў іншы мясцовы мастак Юрый Палякоў, вясковыя дзеці вучыліся мастацтву. Юрый Мяккі, вярнуўшыся на малую радзіму, працягнуў гэтую справу. Паводле слоў мастака, мясцовыя ўлады садзейнічалі такой ініцыятыве, але ў 2007 года паведамілі, што майстэрню зачыняюць, каб перанесці туды вясковую бібліятэку.

«Нам паставілі ўмову — адкрыць у будынку аддзяленне Талачынскай школы мастацтваў. Я пагадзіўся і адкрыў мастацкі клас, але з’явіліся новыя праблемы — на існаванне мастацкага класа не было выдзелена ні капейкі», — распавёў мастак.

У 2009 годзе Мяккі звольніўся, але працягваў працаваць у майстэрні і займацца з адоранымі дзецьмі. Аднойчы, прыехаўшы з Менску, ён заўважыў, што рэшткі парка, дзе раслі старажытныя дрэвы, знішчаны. Як аказалася, райвыканкам не даваў ніякіх загадаў на знішчэнне парку, а гэта, па ўласнай ініцыятыве, зрабіла дырэктарка Славенскай школы.

Мяккі намаляваў плакаты супраць вынішчэння парку і выставіў у вокнах майстэрні. Як сцвярджае мастак, на наступны дзень туды пранікла супрацоўніца школы і скрала плакаты. Пасля гэтага на мастака пасыпаліся рэпрэсіі. Загадчык аддзела Талачынскага райвыканкаму Аляксандр Ражанскі папярэдзіў мастака, каб той вынес свае рэчы з майстэрні, бо яе збіраюцца зносіць.

У чацвер 26 лістапада мастак зачыніўся ў майстэрні, каб бараніць яе да канца. Пакуль, будынак не чапаюць.

Паводле слоў Юрыя Мяккага, сёння ў Талачынскі раён прыехала праверка з Міністэрства культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?