«Служба «Адно акно» — працяг ідэі марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!».

Паводле Вольгі Гарбуновай, прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Кабінета шмат разважала над тым, якія яшчэ інструменты можна стварыць, каб быць карыснымі.

«Да нас ідзе вялікая колькасць запытаў рознай тэматыкі, як ад людзей з Беларусі, так і ад тых, хто знаходзіцца ў замежжы. Людзі розныя, і запыты розныя — гэта і хатні гвалт, і беспрацоўе, і нават бытавы алкагалізм. Людзі часта не ўяўляюць, куды можна з гэтым звярнуцца, адчуваюць сябе адзінокімі ў сваёй праблеме. Кансультаваць індывідуальна ў такіх выпадках — вельмі складаная задача, бо гэта можа паралізаваць нашу працу, калі мы цесна зоймемся прыватнай праблемай. Таму мы прыдумалі такі інструмент як служба «Адно акно», якая ўяўляе сабой базу даных арганізацый, што аказваюць кансультацыйную і практычную дапамогу па розных праблемах», — кажа Вольга Гарбунова.

Вольга Гарбунова. Фота: belsat.eu

Вольга Гарбунова. Фота: belsat.eu

Цяпер у базе — 231 арганізацыя, але стваральнікі платформы заклікаюць да супрацоўніцтва, каб яна пашыралася. Калі ў базе не знойдзецца суполак або фондаў, якія змогуць дапамагчы ў нейкіх канкрэтных пытаннях, удзельнікі праекта будуць прапаноўваць іншыя падыходы да праблемы. 

Вольга Гарбунова падкрэслівае, што пакуль гэты праект рускамоўны, бо галоўная мэта — ахапіць як мага больш шырокі спектр розных катэгорый беларусаў і беларусак як у роднай краіне, так і за мяжой. У перспектыве плануецца пераклад базы даных і ўсіх матэрыялаў сайта платформы на беларускую мову, а камунікаваць з удзельнікамі праекта можна і па-руску, і па беларуску.

Як гэта працуе?

«Мы распрацавалі сайт, дзе сабралі інфармацыю пра розныя структуры, гатовыя аказваць дапамогу. Зноў-такі, пакуль гэта наш пілотны праект, мы пачалі з блока інфармацыі (53 матэрыялы), якая перадусім можа быць карыснай для палітзняволеных і іх сем'яў. Але гэта зусім не азначае, што іншыя катэгорыі людзей застануцца па-за ўвагай. Мы просім звяртацца ўсіх і пастараемся дапамагчы кожнаму. Пазней на сайце з'явяцца матэрыялы і ў дапамогу тым, хто быў зняволены і ўжо вызваліўся, і тым, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь», — кажа валанцёрка праекта Наста Базар.

Наста Базар. Фота: euroradio.fm

Наста Базар. Фота: euroradio.fm

Звярнуцца ў «Адно акно» можна таксама праз Instagram, Telegram і Viber. Ёсць таксама кол-цэнтр, дзе на сувязі штодня знаходзяцца тры жанчыны-аператаркі. Яны прайшлі адмысловае навучанне, арыентуюцца ў наяўнай базе і гатовыя дапамагчы максімальна хутка. 

Дарэчы, праект «Адно акно» можа дапамагчы не толькі прыватным асобам, але і арганізацыям, да якіх часта звяртаюцца людзі са сваімі сацыяльнымі праблемамі.

Вольга Гарбунова лічыць, што першасная задача гэтага інструмента — падтрымка ў пошуку неабходнай інфармацыі. 

Яшчэ адна задача — гэта прааналізаваць запыты, і што асабліва істотна — непасрэдна з Беларусі. Звароты людзей сведчаць пра наяўнасць праблем. Стваральнікі службы «Адно акно» падкрэсліваюць, што прынялі ўсе захады, каб ананімізаваць тых, хто звяртаецца, таму звяртацца туды бяспечна.

Клас
18
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2