Пасольства Беларусі ў В'етнаме 16 снежня накіравала Тайланду афіцыйную ноту-прашэнне аб вызваленні пад залог беларускага грамадзяніна — члена экіпажа затрыманага ў гэтай краіне самалёта Іл-76.

Пра гэта, як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, заявіла намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі Марыя Ваньшына.

«Шчыльнае ўзаемадзеянне падтрымліваецца з калегамі з дыпламатычнай місіі Казахстана ў Бангкоку, — адзначыла Ваньшына. — Паводле наяўнай інфармацыі, 17 снежня з экіпажам самалёта Іл-76 сустрэліся адвакаты. Як паведамляецца, экіпаж адчувае сябе добра, прэтэнзій па ўмовах утрымання і якасці харчавання не мае. Гэтая інфармацыя пацвярджае звесткі, якія раней былі атрыманыя беларускім консулам у ходзе асабістай тэлефоннай гутаркі з нашым грамадзянінам адразу пасля затрымання».

Паводле слоў Ваньшынай, беларускае МЗС звяртаецца з настойлівай просьбай да прадстаўнікоў СМІ з максімальнай далікатнасцю і адказнасцю падыходзіць да асвятлення сітуацыі вакол экіпажа.

«У прыватнасці, зыходзячы з названых меркаванняў, лічым абсалютна непрымальным з маральна-этычнага пункту гледжання распаўсюджванне любых спекуляцый па тэму магчымага прыгавору ў дачыненні да лётчыкаў да вынясення афіцыйнага судовага рашэння па гэтым пытанні», — заявіла прадстаўнік МЗС.

Раней тайландская газета Bangkok Post паведаміла, што членам экіпажа затрыманага ў Тайландзе з нелегальным грузам зброі самалёта Іл-76

можа пагражаць пакаранне смерцю ў сувязі з новым абвінавачаннем — нелегальнае захоўванне выбуховых рэчываў.

Начальнік упраўлення па барацьбе са злачыннасцю генерал Супхісан Пхакдзінарынат паведаміў, што экіпажу будзе прад'яўлена абвінавачанне ў нелегальным захоўванні выбуховых рэчываў, за што законам прадугледжваецца пакаранне ад двух гадоў пазбаўлення волі да пакарання смерцю.

Іл-76 (бартавы нумар 4L-AWA), зарэгістраваны ў Грузіі, амаль з 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі, быў затрыманы 11 снежня ў Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі. Затрыманыя пяць членаў экіпажа — чатыры грамадзяніны Казахстана і грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў 1955 года нараджэння, які працаваў бортінжынерам.

14 снежня крымінальны суд Бангкока пастанавіў узяць пад варту экіпаж самалёта і прадоўжыў тэрмін яго затрымання на 12 дзён.

Экіпажу выстаўлена абвінавачанне ў нелегальнай транспарціроўцы зброі і даванні непраўдзівай інфармацыі ўладам Тайланда адносна характару грузу. За гэта, паводле тайскіх законаў, лётчыкам пагражае пажыццёвы турэмны тэрмін. Члены экіпажа сцвярджаюць, што не ведалі аб характары грузу. Паводле іх слоў, яны перавозілі абсталяванне для бурэння нафтавых свідравін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?