Як пішуць журналісты Bloomberg, яны мелі магчымасць азнаёміцца з шэрагам унутраных дакументаў «Расатама». Інжынеры карпарацыі, якія рыхтавалі другі рэактар магутнасцю 1200 мегават да ўводу ў эксплуатацыю на Астравецкай АЭС, выявілі загадкавую і надзвычай рэдкую праблему — у першы контур з сістэмы водападрыхтоўкі прасочвалася іёнаабменная смала, якая ўяўляе сабою цвёрдыя нерастваральныя палімеры. Яны абмежавана набухаюць у растворах электралітаў і арганічных растваральніках. Іёнаабменная смала выкарыстоўваецца ў цеплаэнергетыцы для змякчэння і абяссольвання вады, ачысткі зваротных і сцёкавых водаў.

Прасочванне смалы пагражала заклініць крытычна важныя кампаненты. Палімеры маглі забіць каналы цеплавыдзяляючых элементаў і тэарэтычна нават выклікаць расплаўленне актыўнай зоны. З гэтай прычыны, як піша выданне, 25 лютага 2022 года «Расатам» часова адклаў запуск другога энэргаблоку.

У выніку контур давялося разбіраць, чысціць і часткова мяняць, што, верагодна, абышлося ў сотні мільёнаў долараў. Затрымка з уводам заняла больш за год. Толькі ў лістападзе другі энергаблок быў падключаны да сеткі.

Пра тое, што вада ў першым цыркуляцыйным контуры забруджана смоламі, літоўская разведка паведамляла яшчэ ў сакавіку гэтага года.

Як піша выданне, спасылаючыся на словы трох ананімных інжынераў-ядзершчыкаў, добра знаёмых з канструкцыямі расійскіх рэактараў, прычына забруджвання смалой застаецца нявысветленай. Паводле іх слоў, важна даведацца, з чым звязана праблема — з эксплуатацыйнай памылкай ці з канструкцыяй сістэмы, каб яна не паўтарылася ў іншых месцах, дзе будуюцца падобныя рэактары.

Як адзначаецца ў публікацыі, у атрыманых журналістамі дакументах таксама ёсць звесткі пра тое, што «Расатам» пры будаўніцтве Астравецкай АЭС сутыкнуўся з недахопам працоўнай сілы і праблемамі з ланцужкамі паставак.

У прыватнасці, у дакументах гаворыцца, што кіраўнікі праектаў на працягу шэрагу гадоў прымушалі рабочых працаваць з апераджэннем прадугледжаных тэрмінаў, а таксама скардзіліся на пастаянную пастаўку няспраўнага абсталявання і затрымкі ў пастаўках, уключаючы клапаны і генератары. Усё гэта, на думку еўрапейскіх чыноўнікаў, можа паўплываць на ядзерную бяспеку.

Кіраўніцтва Астравецкай АЭС на запыт Bloomberg аб каментары не адказала.

Аднак намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк адрэагаваў на публікацыю агенцтва Bloomberg аб магчымай няштатнай сітуацыі на БелАЭС у 2022 годзе «спробай дыскрэдытаваць стасункі з Расіяй».

«Чарговая спроба дыскрэдытаваць праз гэты праект, нашы добрыя адносіны з нашым старэйшым братам у Расійскай Федэрацыі», — заявіў ён.

Міхадзюк лічыць, што апаненты выхопліваюць асобныя працоўныя моманты: «Няма ніякай катастрофы. Мы ні сабе не ворагі, ні суседнім краінам і разумеем сваю адказнасць перад нашымі дзецьмі, унукамі і перад будучымі пакаленнямі», — падкрэсліў ён.

Чытайце яшчэ:

Лукашэнка назваў канчатковае заканчэнне будаўніцтва БелАЭС падарункам беларусам да 7 лістапада

БелАЭС абышлася ў 5,36 мільярда даляраў — Мінфін РФ

Літоўская разведка: Беларусь і «Расатам» замоўчваюць інцыдэнты на Астравецкай АЭС

«Мэтанакіраваная акцыя па дыскрэдытацыі праекта». Мінэнерга адмаўляе, што з Беларускай АЭС нешта не так 

Клас
5
Панылы сорам
15
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
45

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?