Праграма вучыць карыстальнікаў скарачаць асабісты вугляродны след. За навуку, пройдзеную ў праграме, каманда стартапа садзіць рэальныя дрэвы. А CO2 калькулятар унутры праграмы падлічвае ваш унёсак у дапамогу планеце. Аляксей расказаў dev.by дэталі.

— Глабальнае пацяпленне — сур’ёзная праблема. Паводле ацэнак Bloomberg, каб спыніць глабальнае пацяпленне, трэба выдаткаваць каля 50 трыльёнаў долараў. 

І калі мы найбліжэйшымі дзесяцігоддзямі не вырашым гэтай праблемы, то, паводле ацэнак Forbes, у 2100 годзе ад наступстваў глабальнага пацяплення загіне больш як 83 мільёны чалавек, больш чым у часе Другой сусветнай вайны.

Але для звычайных людзей сёння няма якасных прадуктаў, якія дазвалялі б эфектыўна ўплываць на вырашэнне гэтай праблемы.

Нам прапаноўваюць, напрыклад, прытрымлівацца Responsible Consumption (эканомнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў у рамках задавальнення толькі неабходных патрэб). Але нават калі мы штосьці робім, каб мінімізаваць адмоўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, то не можам ацаніць эфект ад сваіх дзеянняў. І ўрэшце не можам цалкам выключыць негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. 

Таму і з’явілася ідэя стварыць цікавы, зразумелы і празрысты прадукт для карыстальніка. Каб ён разумеў свой унёсак у вырашэнне праблем навакольнага асяроддзя.

Адзін са спосабаў кампенсаваць шкоду, якую чалавек наносіць планеце — гэта пасадзіць дрэва. Дрэвы і глеба на дадзены момант адказныя за 99,9% вымання CO2 з атмасферы. Пры гэтым у свеце высякаецца прыкладна 15 мільярдаў дрэў штогод, а высаджваецца толькі палова ад таго, што было высечана.

Мы для сябе вызначылі глабальную мэту — прыйсці да таго, каб штогод у свеце высаджвалася столькі ж дрэў, колькі высякаецца. То-бок калі цяпер высаджваецца 7-8 мільярдаў, значыць неабходна дадаць яшчэ прыкладна столькі ж.

Мэта вельмі амбіцыйная. Напрыклад, Eden Reforestation Projects — найбуйнейшая non-profit арганізацыя, якая высаджвае дрэвы, за апошнія 10 гадоў пасадзіла прыкладна мільярд дрэў. А мы гаворым пра 8 мільярдаў дрэў на год.

Мы не адразу прыйшлі да канцэпцыі праграмы.

Пачалі з арганізацыі івэнтаў па пасадцы дрэў. За вясну-восень мінулага года правялі 24 івэнты ў розных краінах, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Нідэрландах, ЗША, Францыі. Пасадзілі каля тысячы саджанцаў. Заказвалі іх на eBay і Allegro прыкладна па долары за штуку. Гэта стандартная цана на саджанцы і ў Польшчы, і ў ЗША, і ў іншых краінах пры замове невялікіх партый па 50-70 штук.

Але ўжо ў працэсе мы зразумелі, што пастаянная арганізацыя такіх івэнтаў патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў і часу. Спадарожныя выдаткі выявіліся ў разы вышэйшымі за выдаткі на закупку саджанцаў.

Калі на саджанцы мы выдаткавалі 1000-1500 долараў, то на арганізацыю івэнтаў не менш за 15 000 долараў з улікам выдаткаў на транспарт, харчаванне, забаўляльныя праграмы.

Але і жыхарам гарадоў, як паказаў вопыт, цалкам самім арганізаваць досыць складана. З усіх івэнтаў фактычна без нашага беспасярэдняга ўдзелу былі арганізаваныя толькі чатыры. Таму мы змянілі канцэпцыю і вырашылі працягнуць рэалізацыю свайго праекта праз праграму.

Як працуе PineOx

Праграма PineOx цяпер працуе ў бэта-рэжыме, але кожны ахвотны, хто мае iPhone, можа ўсталяваць яе, пратэсціраваць і пасадзіць сваё дрэва. Для гэтага трэба спампаваць праграму з AppStore і скарыстацца для рэгістрацыі інвайт-кодам «YM1OS5». Версія для Android мае з’явіцца найбліжэйшымі двума месяцамі.

У праграме карыстальніку трэба адказаць на шэраг пытанняў, якія тычацца яго паўсядзённага жыцця, напрыклад, як часта ён лётае на самалёце, як часта ездзіць на аўтамабілі, у якім доме жыве (энергаэфектыўным ці не). 

На аснове атрыманых даных спецыяльны калькулятар разлічвае эмісію CO2 канкрэтнага карыстальніка (ацэнка ўзроўню выкіду парніковых газаў), а таксама разлічвае, на які час карыстальнік стане CO2-нейтральным пасля пасадкі аднаго дрэва.

Таксама пасля рэгістрацыі новы карыстальнік атрымлівае віртуальную семечку, яна бясплатная. Паліўшы семечку, карыстальнік атрымлівае магчымасць пасадзіць рэальнае дрэва з дапамогай каманды PineOx. Каб паліць семечку, трэба прайсці два квізы.

У гэты момант будзе залочаная наступная віртуальная семечка. Каб яе адкрыць, можна запрасіць сябра, падарыць дрэва сябру або паглядзець рэкламу.

Карыстальнік мае магчымасць падарыць каму-небудзь два дрэвы. Для гэтага трэба выбраць кантакт з запісной кніжкі і пакінуць паведамленне гэтаму чалавеку. Яму прыйдзе эсэмэска са спасылкай на сайт і паведамленнем, што такі і такі чалавек падарыў дрэва. То-бок пры рэгістрацыі ў другога карыстальніка ўжо будзе сваё дрэва.

Таксама ў PineOx ёсць функцыя tree impact — гэта колькасць дрэў, пасаджаных карыстальнікам і тымі, каго ён запрасіў. Tree impact карыстальніка адлюстроўваецца ў выглядзе ўзлесся, дзе кожнае дрэва з’яўляецца рэальна пасаджаным.

Інвестыцыі, манетызацыя, seed раўнд

— У камандзе PineOx цяпер каля 15 чалавек. Мы самі цалкам кантралюем увесь працэс — ад закупкі саджанцаў да іх пасадкі, бо іншыя арганізацыі не змогуць забяспечыць неабходны ўзровень празрыстасці.

Спецыяльных навыкаў, каб навучыцца садзіць дрэвы, не трэба. Працэс просты, за 5-10 хвілін можна растлумачыць і паказаць, як гэта робіцца. Прафесійныя tree-planters за дзень могуць пасадзіць да 3 тысяч дрэў.

Саджанцы закупляем на Allegro прыкладна па долары за штуку. Каб праект развіваўся, саджанцы маюць быць, па-першае, таннымі, па-другое, каб за імі патрабаваўся мінімальны догляд, інакш гэта моцна павялічыць выдаткі. Менавіта таму мы спыніліся на хвоях і елках, у якіх плюс да ўсяго вельмі шырокі арэал рассялення. 

Думаю, цяпер будзем шмат дрэў садзіць у Польшчы. Мы ўжо маем вопыт, шмат івэнтаў па пасадцы дрэў летась якраз правялі ў гэтай краіне. 

Дарэчы, падчас сезона пасадкі лясніцтвы і ў Польшчы, і ў Беларусі выдаюць саджанцы бясплатна, калі ёсць ахвотныя іх пасадзіць. І не так даўно мы змаглі такім чынам пасадзіць у Беларусі 1200 саджанцаў.

Усе пасаджаныя дрэвы абавязкова фатаграфуем. Карыстальнік атрымлівае доступ да фатаграфіі свайго дрэва і інфармацыю пра лакацыю, дзе яно расце. Таксама ў праграме ёсць магчымасць паглядзець, колькі дрэў і дзе пасадзілі іншыя карыстальнікі.

То-бок мы трымаемся максімальнай празрыстасці. У многіх non-profit кампаній, якія займаюцца высадкай дрэў, ёсць праблемы з празрыстасцю. У іх справаздачах не заўсёды ёсць уся неабходная інфармацыя, у тым ліку пра выкарыстанне грошай грамадзян, якія данацілі такім кампаніям.

Праект я цалкам сам фінансую. Агульныя выдаткі на сёння перавышаюць 100 тысяч долараў. У PineOx укладзеныя грошы, якія я атрымаў ад продажу сваёй долі ў іншым праекце Sleepagotchi (праграма, якая дапамагае выконваць рэжыму сну).

Пакуль праграма PineOx ніяк не манетызуецца. Гэты функцыянал з’явіцца крыху пазней. Цяпер у нас у планах запусціць маркетынгавую кампанію якраз з вясновым сезонам пасадкі дрэў. А далей плануем прыцягнуць seed-раўнд, як толькі будзе трэкшан і магчымасць прадэманстраваць інвестарам нейкія лічбы.

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0