1 верасьня, у Дзень ведаў, адбылася ўрачыстая лінейка ў навучэнцаў закрытага ўладамі Гуманітарнага Ліцэю імя Якуба Коласа. Дарма што ішоў дождж, дзясяткі навучэнцаў, выпускнікоў ды выкладчыкаў сабраліся а 10-й ля брамы будынка па вуліцы Кірава. Будынак, як памятаем, адабралі ў ліцэістаў улетку 2003 г.

На тварах ліцэістаў зіхацелі ўсьмешкі з нагоду пачатку новага навучальнага году, а таксама ад сустрэчы зь сябрамі зь якімі ня бачыліся цэлае лета. Напачатку лінейкі са словам выступіў дырэктар установы Ўладзімер Колас, ён заклікаў любымі сродкамі захаваць гэтую ўнікальную навучальную ўстанову.

Пасьля прысутныя разам ўрачыста выканалі гімн Ліцэю і ўсклалі белыя і чырвоныя кветкі да агароджы будынку, дзе мяркуецца разьмясьціць суд Цэнтральнага раёну сталіцы.

Навучальны год у ліцэістаў пачнецца ня заўтра, а толькі 18 верасьня і яшчэ няма ніякай пэўнасьці, дзе будуць праходзьць заняткі.

Недалёк ад ліцэістаў хадзілі некалькі адзінокіх міліцыянтаў, якія не заміналі дзеі. Уладам хапіла розуму не псаваць дзецям сьвята.

Лявон Баршчэўскі

Уладзімер Колас і Ігар Войніч

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?