Надышоў час спакойнага і разважлівага аналізу прамінулай прэзыдэнцкай кампаніі. Аб гэтым сьведчыць зьяўленьне артыкулаў, аўтары якіх не патрабуюць неадкладнай зьмены ўсіх лідэраў апазыцыі, а спрабуюць накідаць канструкцыйны плян яе дзеяньняў. Асабліва цікавы артыкул В.Сіліцкага. Ён не вымагаў бы ніякіх камэнтароў, акрамя выключна станоўчых, калі б ня дух пэсымізму, якім патыхае ў наступнай цытаце. «Няма кропкі на гарызонце, якую бачылі б партыйныя і беспартыйныя, арганізаваныя і неарганізаваныя, працуючыя ў рэале і віртуале, тыя, хто жыве ў Менску, у рэгіёнах і за мяжой. Няма нават маленькай, хай і не зусім рэальнай, але структурызаванай надзеі» (Наша Ніва. 2006. 4 жніўня).

Гэтая кропка на гарызонце выклікала ў памяці хрэстамацыйны прыклад Калюмба. Добра вядома, што бальшыня ягонай каманды не была перакананая ў тым, што, плывучы на Захад, можна дасягнуць Індыі, якая на Ўсходзе. Але Калюмб ведаў, што зямная куля – гэта шар. Праўда, яму моцна пашэнціла, што Новы Сьвет быў разьмешчаны значна бліжэй, чым тая Індыя. Гэтая акалічнасьць выратавала яго жыцьцё і зрабіла найвялікшым першапраходнікам. Калі б прыкметы сушы не зьявіліся празь некалькі тыдняў плаваньня, дык выкінулі б яго за борт ці павесілі б на рэі. Імкненьні мець новых лідэраў, калі надзеі ня спраўджваюцца, уласьцівыя для чалавецтва.

Паводзіны людзей, якія ведаюць мэты якога-небудзь працэсу і якія ня ведаюць яго сэнсу, прынцыпова адрозныя. Менавіта гэтыя другія лёгка паддаюцца апатыі і пэсымізму. Але В.Сіліцкі ведае. Пра гэта пераканаўча сьведчыць зьмест ягонага артыкулу. Літаральна праз абзац ён, зьвяртаючыся да палітычнай апазыцыі, акрэсьлівае галоўныя напрамкі яе дзейнасьці. «Першы – гэта барацьба за ўладу. Другі – гэта папулярызацыя ў грамадзтве палітычнай альтэрнатывы». Насамрэч, гэта адзіны накірунак, але розныя стадыі працы. Спачатку стварэньне палітычнай альтэрнатывы, яе папулярызацыя а потым барацьба за ўладу. Перастаноўка гэтых стадыяў звычайна нічога добрага не дае.

Беларускі фашызм

Але перш чым накідаць свой праект палітычнай альтэрнатывы, В.Сіліцкі характарызуе стан беларускага грамадзтва. І робіць гэта бліскуча. Ня ён першы зьвярнуў увагу на тое, што рэжым Лукашэнкі будуе карпаратыўнае грамадзтва, клясычным прыкладам якога ёсьць Італія часоў Мусаліні. Фасцыі, пучкі пруткоў, па-беларуску, сапраўды, складаюцца з прэзыдэнцкай «вэртыкалі», вэртыкальных прафсаюзаў, БРСМу, жаночых і вэтэранскіх арганізацыяў, саюзаў працадаўцаў і прадпрымальнікаў ды купкі бездапаможных праўрадавых партыяў, адзінаю мэтаю каторых ёсьць падтрымка існага рэжыму. Кантрактная сыстэма, дзяржаўнае фінансаваньне, ільготы, квоты і прэфэрэнцыі дазваляюць рэжыму лёгка кіраваць такім грамадзтвам, і «чалавек мусіць выбудоўваць свае жыцьцёвыя і кар’ерныя пляны … у поўнай адпаведнасьці зь існымі правіламі гульні».

Стабільнасьць і лёгкая кіраванасьць – галоўныя перавагі карпаратыўнага грамадзтва. Яго яшчэ можна назваць стагнацыйным, бо адваротным бокам такога грамадзтва ёсьць прававая няроўнасьць, нізкая «вэртыкальная» рухомасьць (так сацыёлягі называюць зьяву, якую добра абмалёўвае прымаўка: калі ў кепскім кажусе, не садзіся на куце), маёмаснае расслаеньне грамадзтва, зьяўленьне кланаў, паўсюдная карупцыя і, як вынік, стагнацыя, спыненьне разьвіцьця. Карпарацыі прыдумаў не Лукашэнка і не італьянскія фашысты. Такое ўладкаваньне грамадзтва вядомае з глыбокай старажытнасьці. Яно, наагул, уласьцівае супольнасьцям з калектывісцкім сьветапоглядам, пачынаючы ад шумэраў і ажно да хрысьціянскага сярэднявечча. Паўсюдна, дзе не заахвочвалася прыватная ініцыятыва, не існавала правоў чалавека і юрыдычнай роўнасьці.

Рэжым А.Лукашэнкі працягнуў тыя працэсы, што імкліва вялі СССР да крызісу і распаду. У тыя часы ў вайсковым асяродку расказвалі характэрны анэкдот з сэрыі пра армянскае радыё. У армянскага радыё запыталі: «Ці можа сын генэрала стаць маршалам?» Радыё адказала: «Не. У маршалаў ёсьць свае сыны». Як гэта нагадвае абсалютныя манархіі са спадчыннай перадачай улады! Хаця СССР фармальна быў рэспублікай з самай лепшай дэмакратыяй у сьвеце, якая гарантавала права на жыцьцё, працу, бясплатную адукацыю і ахову здароўя. Насамрэч, правы савецкага чалавека мала адрозьніваліся ад правоў быдла, якое кармілі, паілі і лячылі, каб атрымаць ад яго малако і мяса.

А.Лукашэнка прабіў савецкія сацыяльныя перагародкі ў смутны крызісны час. Пераскочыў шмат ступеняў на герархічнай лесьвіцы і рэалізаваў сваю мару пра неабмежаваную ўладу. Ажыцьцявіў, так бы мовіць, пэрсанальную рэвалюцыю. Але не зразумеў неабходнасьці ліквідацыі перагародак. Альбо вырашыў, што яны зручныя для яго. Сто разоў праўда В.Сіліцкага, калі ён піша: «Вырвацца за межы лукашэнкаўскай сыстэмы могуць дазволіць сабе нямногія. Чалавек ня толькі прыстасоўваецца да сыстэмы, ён робіцца яе ўдзельнікам... сярод тых, хто стаяў у чорных шэрагах спэцназу альбо ствараў вядомыя сюжэты на БТ падчас сакавіцкіх падзей, большасьць складалі маладыя людзі». Гэтае сумнае назіраньне, якое характарызуе эфэктыўнасьць інфармацыйнай працы апазыцыі, пацьвярджаюць і сацыялягічныя апытаньні. Максымальны адсотак тых, хто галасаваў супраць Лукашэнкі, прыпадае на ўзроставы інтэрвал ад 30 да 40 год. На тых, чыя грамадзянская сьвядомасьць фармавалася ў далукашэнкаўскую эпоху.

Беларускі парадокс

Яго В.Сіліцкі бачыць у тым, што «апазыця ёсьць, а палітыкі няма». Ён цытуе яшчэ аднаго паважанага аўтара, В.Булгакава, які сьцьвярджае: «Чым больш я назіраю за паводзінамі нашай улады, тым больш пераконваюся ў тым, што апазыцыю Лукашэнка дазваляе толькі дзеля таго, каб у Беларусі ўсё было як у людзей… Ня будзе апазыцыі – і Беларусь, відавочна, ператворыцца ў сярэднеазіяцкую дзяржаву». Мне цяжка згадзіцца з думкаю, што апазыцыя існуе толькі з ласкі дыктатара. Наш прэзыдэнт думае і паводзіць сябе зыходзячы з больш простых меркаваньняў. Яго цяжка падазраваць у імкненьні «ўпрыгожыць» свой рэжым апазыцяй. Бліжэй да праўды ягоная перадвыбарчая заява аб тым, што пасьля 19 сакавіка ў Беларусі не застанецца апазыцыі. Ён сам падумаў ці хтосьці яго пераканаў, што «бліскучая» электаральная перамога ў 83% галасоў прывядзе да самаразбурэньня дэмакратычных партыяў. Аднак гэтага не адбылося. Шматгадовы прэсінг на апазыцыю пакінуў у яе шэрагах толькі перакананых людзей, загартаваных змагароў за правы беларускага народу. Хаця і «магчымасьцяў займацца палітычнай дзейнасьцю больш не засталося» і партыі нічым не адрозьніваюцца ад NGO, бо ніяк не ўплываюць на палітычны працэс.

І тут мы падыходзім да вельмі важнай праблемы. Высока ацэньваючы самаахвярнасьць беларускай дэмакратыі, слушна заклікаючы яе мацаваць адзінства і распрацаваць ясныя і зразумелыя пляны палітычнай барацьбы, В.Сіліцкі разам з тым прыходзіць да высновы, што ў бліжэйшы час асноўны цяжар змаганьня возьмуць на сябе структуры грамадзянскай супольнасьці. Мабыць, таму, што «маштабныя палітычныя задачы, пра якія гавораць лідэры, могуць рэалізавацца толькі нашмат больш магутнымі палітычнымі, фінансавымі, інфармацыйнымі і арганізацыйнымі рэсурсамі, чым тыя, якія сёньня мае апазыцыя».

Здаецца, усё слушна. Палітычных рэсурсаў у апазыцыі няма, бо яна выціснута з усіх галінаў улады. Спадзявацца, што фінансавыя рэсурсы можна знайсьці ў «новых беларусаў», значыць не разумець, як і з каго складваецца фінансавая эліта. Незалежныя СМІ настолькі незалежныя, што гаварыць пра скаардынаваную працу пакуль не выпадае. Застаюцца толькі арганізацыйныя рэсурсы. Тыя прыкладна 10–20 тыс. актывістаў, якія бяз грошай і без рэальнай прававой абароны раз за разам выходзяць на штурм бастыёнаў беззаконнай, маналітнай, аўтарытарнай улады.

Гэта і ёсьць сапраўдны беларускі парадокс, якога ня ўсе разумеюць.

Што рабіць?

Няхай дасьведчаны чытач усьміхнецца, прачыташы такі загаловак. Гэтае пытаньне такое ж вечнае, як і пытаньне Гамлета. В.Сіліцкі бачыць выйсьце ў «падтрыманьні і пашырэньні дысыдэнцкай грамадзкай актыўнасьці», якая «ёсьць неабходнай перадумовай для таго, каб у будучым узьнікла сур’ёзная палітычная альтэрнатыва. Такая дзейнасьць шмат у чым розьніцца ад палітычнай – яна больш індывідуальная і, калі так можна сказаць, дробнагрупавая, чым калектыўная і палітычная».

Такі вынік з апісанай вышэй сытуацыі неабавязковы, калі не памылковы. Грунтуецца ён на адной акалічнасьці, уласьцівай заходняму палітычнаму мысьленьню. Неаднаразова я падымаў пытаньне перад прадстаўнікамі розных замежных фондаў. Чаму яны аказваюць фінансавую падтрымку недзяржаўным грамадзкім аб’яднаньням, але ніколі палітычным партыям. І чуў стандартны адказ. Закон забараняе ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны.

Адказ ня толькі стандартны але фальшывы і фарысэйскі. Падтрымаць незалежную газэту ці сэмінар па навучаньні назіраць за выбарамі можна, а партыю, якая займаецца па сутнасьці тым самым, – не. Дэмакратычныя партыі ў Беларусі цалкам адсунутыя ад якой-небудзь улады. Яны па сутнасьці такія ж NGO, як Хэльсынскі камітэт ці славутае «Партнэрства». Яны бароняць права беларускага народу на палітычную альтэрнатыву, але не рэалізуюць яе. Іх фінансавая падтрымка не можа разглядацца як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы, бо самі партыі ўмяшацца ў іх магчымасьці ня маюць.

Але партыі маюць значна большыя магчымасьці за NGO, каб ажыцьцяўляць палітычную асьвету грамадзтва праз свае газэты, сэмінары, курсы і масавыя мерапрыемствы. Могуць мэтанакіравана весьці прапаганду, папулярызуючы ідэі дэмакратыі і эўрапейскага выбару. Ствараць свае структуры ў любым паселішчы, бо права на палітычную альтэрнатыву – усеагульнае права. У выніку яны могуць стварыць сацыяльны рэсурс, неабходны для перамогі на выбарах. Усё гэта мае плян АДС. Фінансаваць партыі куды больш разумна, чым «дробнагрупавыя структуры» ці асобных дысыдэнтаў.

Дзякуй Богу, сытуацыя пакрысе мяняецца. Вядомы Ганс-Георг Вік, былы амбасадар АБСЭ ў Менску, заявіў у інтэрвію нямецкім СМІ пра неабходнасьць фінансавай падтрымкі дэмакратычных партыяў. Зрабіў гэта мудры чалавек, які тры гады правёў у Беларусі. Але такая думка не прыходзіць у галаву ні ангельцу Тэры Дэвісу, ні Ўце Цапф зь Нямеччыны, якія часам наведваюць Беларусь, каб распавесьці нам пра заходнюю дэмакратыю.

Рэальнасьць жа такая, што Кангрэс ЗША выдзяляе з грошаў амэрыканскіх падаткаплатнікаў 40 млн даляраў, але разьмяркоўваюць іх функцыянэры розных фондаў, якія сядзяць за межамі Беларусі. І замест фінансавай плыні да нас даходзяць тысячы ручайкоў, якія марнуюцца і губляюцца, падобна як сыходзяць у пясок рэкі ў пустыні. За апошні год лідэры аб’яднаных дэмакратычных сілаў зрабілі сапраўдны прарыў на міжнароднай арэне. Іх прымалі на самых высокіх дзяржаўных узроўнях. Іх бліжэйшы абавязак растлумачыць на Захадзе, што трэба прыслухацца да меркаваньня Г.-Г. Віка. І няхай мяне абвінавачваюць на БТ розныя новікавы і пракопавы. Няхай паспрабуюць даказаць, што апазыцыя мае ўладу ці фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту. Наадварот, гэта яны за сваю хлусьню атрымліваюць добрыя грошы з нашай з вамі кішэні.

Як аб’яднацца?

Такім чынам, В.Сіліцкі бачыць выйсьце ў раздрабленьні сіл і зыходзе апазыцыі ў андэграўнд. Крыху іншы плян абараняе лідэр Кангрэсу незалежных прафсаюзаў А.Ярашук. Слушна крытыкуючы лідэраў АДС за пасіўнасьць і няўзгодненасьць дзеяньняў, ён бачць выйсьце ў пашырэньні кола лідэраў. Але цяжка спадзявацца, што пятнаццаць амбітных асобаў пакажуць большыя здольнасьці да яднаньня, чым пяць у 2001 г. Акрамя таго, абодва гэтыя пляны ігнаруюць шматлікі дэмакратычны актыў, які і зрабіў кампанію 2006 г. асэнсаванай і эфэктыўнай. Разам з тым інструмэнт для прыцягненьня гэтага актыву вядомы – Кангрэс дэмакратычных сіл.

Вакол КДС і разгарэліся галоўныя спрэчкі ў аб’яднанай апазыцыі. Зьбіраць ці не? Як зьбіраць і калі? Пераабіраць лідэра ці пакінуць А.Мілінкевіча, які набыў агульнанацыянальную вядомасьць? Як у прыхільнікаў новага КДС, так і ў яго праціўнікаў ёсьць свае важкія аргумэнты. І яго дакладна ня трэба было б зьбіраць, калі б існавала яшчэ якая-небудзь магчымасьць скрануць апазыцыйны воз зь месца. Таму асаблівую цікавасьць выклікае плян, які прапанаваў намесьнік старшыні ПБНФ В.Івашкевіч.

Ягоная сутнасьць у тым, каб зрабіць дзьве саступкі АГП, прынцыпова згадзіўшыся на правядзеньне новага КДС. Набліжаюцца новыя мясцовыя выбары. Дакладней не выбары, але магчымасьць папрацаваць з людзьмі. Заклікаўшы партыйных актывістаў браць у іх удзел, устанавіць пэўную квоту на колькасьць сабраных за сваё вылучэньне подпісаў (прыкладам, 500), якая, незалежна ад рэгістрацыі ці нерэгістрацыі кандыдатам, робіць чалавека дэлегатам будучага КДС. Пры ўмове, што збор подпісаў будзе каардынавацца мясцовым выбарчым штабам АДС, які будзе клапаціцца, каб на адной акрузе быў адзін дэмакратычны кандыдат, каб была распаўсюджана пэўная колькасьць улётак з агульнанацыянальнай праграмай. Такое вылучэньне дэлегатаў заменіць квоту, якая ў 2006 г. выбіралася на сходах мясцовага актыву. Квоты партыям, NGO і вядомым асобам, як і ў мінулым годзе, неабходна захаваць. Такая працэдура створыць склад КДС больш прадстаўнічым, чым Усебеларускі сход А.Лукашэнкі.

Такі плян заахвочвае партыі да актыўнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі на аснове агульнай праграмы і захоўвае кааліцыю. Час правядзеньня КДС адсоўваецца на вясну-лета 2007 г. і адкрывае магчымасьць для канкурэнцыі за лідэрства новым прэтэндэнтам. Разам з тым не парушае і не перашкаджае плянам інфармацыйнай і прапагандысцкай працы, якія ўжо прынятыя. Толькі раптоўнае абвяшчэньне рэфэрэндуму па Канстытуцыйным акце ці стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі могуць перашкодзіць гэтаму пляну.

Так выглядае адказ на сакрамэнтальнае пытаньне «Што рабіць?». Адказ, які максымальна ўлічвае пажаданьні партыяў-удзельніц АДС. Не разбурае нічога, што створана, але адкрывае магчымасьць далучэньня БСДП(Г) і шэрагу вядомых асобаў, якія ў прамінулых выбарах займалі пасіўную пазыцыю. Нарэшце, стварае тую кропку на гарызонце, да якой трэба імкнуцца ў бліжэйшы год.

Што ж датычыць далёкасяжнай мэты – пабудовы незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі, дзе пануе справядлівасьць і закон роўны для ўсіх, то яна застаецца нязьменнай. Бо грунтуецца на веры ў свой народ і веданьні непазьбежнасьці краху тыранічных рэжымаў у сучасную эпоху. І дай Бог, каб гэтая мэта апынулася бліжэй, чым уяўляецца сёньня. Хаця б у такой жа ступені, у якой аказалася бліжэй да Гішпаніі Амэрыка, чым Індыя, да якой плыў Калюмб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?