Як стала ведама «Беларускаму партызану», у хуткім часе знаны рэжысэр Юры Хашчавацкі маніцца парадаваць Беларусь (ды ня толькі) чарговым фільмам. Хашчавацкі разам з другім рэжысэрам і суаўтарам ужо амаль скончыў працаваць над дакумэнтальным кіно з працоўнай назвай «Плошча Каліноўскага».

«Калі казаць каротка, дык гэта фільм пра беларускую моладзь, – кажа рэжысэр. – Мы хацелі разабрацца, якія пабуджальныя матывы прывялі беларускую моладзь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на плошчу. Ці існуе сёньня дыялёг (ці дыспут) паміж рознымі пакаленьнямі людзей. Як людзі, каторыя жывуць у вёсачцы побач з магістральлю «Берасьце–Масква» без тэлефонаў і электрычнасьці, зусім непадалёку ад Менску, ставяцца да праблемаў дэмакратыі і дыктатуры, якую шкалу каштоўнасьцяў яны сёньня маюць, што іх непакоіць болей ад усё?» Сярод галоўных герояў фільму – чароўная дзяўчына Даша, якая правяла не адну ноч у намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы, перайменаванай самой моладзьдзю ў «плошчу Каліноўскага»; лідэр незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт», які зараз знаходзіцца «на хіміі» ў вёсцы Малое Сітна Віцебскай вобласьці Павал Севярынец; жонка гвалтоўна скрадзенага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага Сьвятлана з сынам, а таксама тыя, каго зьвінавачваюць у дачыненьні да справаў зьніклых Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага. У фільме натрапім на мноства крылатых выразаў А.Лукашэнкі – пра адукацыю, вершы Быкава і інш. з адмысловым відэашэрагам. З усяго мяркуючы, у шырокі беларускі відэапракат гэты фільм трапіць ня здолее. Юры Хашчавацкі разважае, што «Плошча Каліноўскага» стрэне недзе такі ж самы лёс, як і фільм «Звычайны прэзыдэнт».

«Я не лічу на тое, што «Плошча Каліноўскага» пераможа на нейкіх прэстыжных фэстывалях. Але мяркую, што пэўная цікавасьць да гэтага фільму будзе», – загадкава кажа Хашчавацкі. Ад сябе магу дадаць: «Плошча Каліноўскага» – гэта ня нудная дакумэнталістыка, але выдатнае ігравое кіно, якое глядзіцца на адным подыху.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?