У Беларусі бульба памокла, у Эстоніі ды Латвіі пасохла, а ў Азэрбайджане яе даядаюць мышы

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня паставіла перад беларускімі сельгаспрадпрыемствамі задачу – завяршыць уборку ўраджаю бульбы не пазьней за 5 кастрычніка. У міністэрстве з аптымізмам глядзяць на будучы ўраджай, не зьвяртаючы ўвагу на неспрыяльныя кліматычныя ўмовы рэшты лета. Сярэдні ўраджай па Беларусі складае каля 181 ц/га (пры тым, што ў Беларусі ёсьць усе магчымасьці атрымліваць і 400 ц/га). Па стане на 25 верасьня сабрана 16,2 тыс. га (35% ад агульнай плошчы), накапана 294 тыс. тонаў бульбы. Найбольшая ўраджайнасьць зафіксаваная ў Магілёўскай вобласьці – 226 ц/га, найменшая – у Віцебскай – 149 ц/га. На месцах аптымізму меней. Аграномы непакояцца, што калі не пасьпець у час выбраць бульбу зь зямлі, то не пазьбегнуць вялікіх стратаў. Яна й без таго масава гніе – прычына сырое лета. І гэтак на Берасьцейшчыне і на Гарадзеншчыне, дзе людзі сумна жартуюць, што леташняя, пасаджаная ў зямлю вясною бульба, выглядае лепей за маладую. Яшчэ кажуць, што бульба ў яблыкі перакінулася – амаль паўсюль назіраецца небывалы ўраджай яблыкаў.

Тым не менш па плянах міністэрства мяркуецца накапаць не менш за мільён тонаў бульбы. З уласных падворкаў чакаецца ў сем разоў болей.

Бяда з бульбаю ў гэтым годзе напаткала ня толькі беларусаў. У Эстоніі недабор ураджаю складае каля 50%. Чакаецца падвышэньне коштаў на бульбу, уласных запасаў хопіць толькі да лютага, а на заплянаваны экспарт за мяжу трэба забыцца. Тут, як і ў суседняй Латвіі, іншая прычына неўраджаю – надзвычайная сьпёка. Эстонскія фэрмэры кажуць, што гэтым годам выйгралі толькі тыя, хто падбаў пра дажджавальныя прыстасаваньні.

А ў далёкім Азэрбайджане іншая трасца – нашэсьце палёвак, што значна пашкодзілі амбарныя запасы і палявыя пасадкі бульбы. Такую зьяву тут назіраюць упершыню, таму якіх-кольвек эфэктыўных захадаў не было зроблена. А таму ўраджай азэрбайджанскай бульбы пад пагрозай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?