Пра тое, што ў Віцебску перабоі з вакцынай ад шаленства, 25-гадовы Аляксандар, праграміст зь Віцебску, даведаўся ў паліклініцы, калі прыйшоў рабіць трэцюю па ліку абавязковую прышчэпку.

Ня так даўна небараку ўкусіў валацужны сабака. Дактары прызначылі Аляксандру прафіляктычную вакцынацыю ад шаленства. Дзьве неабходныя прышчэпкі ў больніцы хуткай дапамогі яму зрабілі, а калі ён прыйшоў укалоцца ў трэці раз. доктар разьвёў рукамі: няма вакцыны!

–Трэцюю прышчэпку мне трэба было зрабіць 9 кастрычніка. Доктар сказаў, што вакцыны няма ва ўсёй рэспубліцы! 10 кастрычніка я прыйшоў а восьмай ранку. Той самы адказ. Патэлефануйце, кажуць, пры канцы тыдня, можа, падвязуць… Але прышчэпкі ад шаленства трэба рабіць па пэўнай схеме! Надвячоркам патэлефанавалі, сказалі, маўляў, знайшлі дзьве ампулы, прыходзьце, мы вас уколем. Але ж выходзіць, што графік вакцынацыі у мяне зьбіўся на дзень. Зараз во сяджу ў інтэрнэце, шукаю інфармацыю пра тое, якія могуць быць пасьледкі з-за гэтага збою!

Калі летась у Віцебску было зарэгістравана крыху больш за 80 выпадкаў лябараторна пацьверджанага шаленства жывёлаў, то на сёлета на 10 кастрычніка – ужо 258. Летам у абласной інфэкцыйнай больніцы ад шаленства памёр малады чалавек зь Сянна, якога ўкусіў хворы янот. У такім кантэксьце хваляваньне Аляксандра больш чым зразумелае.

– Вакцына ёсьць, але яе малавата, - пракамэнтаваў сытуацыю начальнік аддзела асабліва небясьпечных інфэкцый абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Анатоль Ананьеў. – Ужо тыдзень мы пераносім тэрміны прышчэпак для тых грамадзянаў, якім трэба зрабіць пятую і шостую прышчэпкі. Праз тыдзень чакаем, што прыбудзе дадатковая вакцына. Прышчэпкі зь першай да чацьвёртай мусяць рабіцца строга па графіку цягам 14 дзён. У сытуацыі з Аляксандрам доктар павёў сябе няслушна. У выпадку адсутнасьці вакцынын ён мусіў быў зьвярнуцца ў іншыя лекавыя ўстановы і знайсьці яе. Дарэчы, за гэта доктар атрымаў спагнаньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?