12 год зьняволеньня пагражае вугорскаму вэтэрану, які ў панядзелак падчас сутычак на пляцы Дэака прывёў у рух стары танк T-34 i спрабаваў пратараніць ім паліцэйскі кардон.
Аказалася, што дэманстранты прынесьлі ўласны акумулятар і кабэлі, неабходныя для таго, каб прывесьці ў рух танк, што стаяў на гістарычнай выставе пад адкрытым небам.
Групавы і ўзброены гвалт супраць службовых асобаў, а таксама пашкоджаньне транспартнага сродку – такія абвінавачваньні пракуратура хоча выставіць 65-гадоваму мужчыне, які пад арыштам чакае на рашэньне ў сваёй справе.
Пасьля панядзелкавых хваляваньняў, падчас якіх паліцыя выкарыстала супраць дэманстрантаў сьлезацечны газ, гумовыя кулі, пэтарды і водныя гарматы, у Вугоршчыне трывае дыскусія пра тое, ці была паліцыя занадта брутальнай і ці правакавала яна дэманстрантаў.
Улады стаяць на пазыцыі, што паліцыя не перавысіла сваіх кампэтэнцыяў. Іншай думкі прытрымліваецца апазыцыйная правая партыя «Фідэш», якая нават заснавала «цэнтар дакумэнтаваньня бяспраўнага тэрору паліцыі».
Абвінавачваньні «Фідэш» у адрас паліцыі былі прычынай таго, што з учорашняга – скліканага «Фідэш» – паседжаньня парлямэнцкай камісіі ў справах парадку і нацыянальнага бясьпекі выйшлі дэпутаты кіраўнічай кааліцыі, а за імі камандуючыя паліцыі. Вугорскі Хэльсынскі камітэт прызнаў, што сродкі, выкарыстаныя паліцыяй, адпавядаюць закону.
Дэманстранты тым часам хочуць вярнуцца ў пятніцу на пляц Кошута, дзе яны мітынгавалі ад 17 верасьня і адкуль былі выдаленыя паліцыяй у ноч зь нядзелі на панядзелак. Калі яны ня здолеюць вярнуцца на пляц, тады будуць праводзіць дэманстрацыю на пляцы Дэака.
Вядомы вугорскі інтэрнэт-партал Index на знак пашаны да будапэшцкага танкіста зьмясьціў кампутарныя гульні, дзякуючы якім можна навучыцца кіраваць танкам. Index прэзэнтуе шэсьць – на думку партала, найлепшых – гульняў, дзякуючы якім нават танкіст-пачатковец зможа кіраваць T-34.